Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Трэба сказаць, што да гэтага дня ніхто, як сьлед, не ўяўляў сабе становішча. Ніхто і не падумаў, што будзе патрэбна столькі часу на ўпарадкаваньне. Кожнаму здавалася, што праз некалькі дзён яны ўсё скончаць, а там хай сабе шукаюць. Апрача таго, бачачы навакол такое бязьлюдзьдзе, яны неяк мімаволі забыліся аб тым, што можа пагражаць небясьпека. Адкуль яна возьмецца? З мора — бясьпечна, яны ў гэтым ужо пераканаліся, а з зямлі — тым болей, цяпер толькі яны ўбачылі, якая вялікая праца ім застаецца і сур’ёзна падумалі аб тым, што не заўсёды можа быць так ціха, як цяпер. У адзін голас усе патрабавалі, каб працаваць без перапынку ня менш 20 гадзін.

Увесь наступны дзень заняла падрыхтоўка. 5 чалавек паставілі, каб складаць і ўпарадкаваць рэчы ў падзямельлі, 12 чалавек пакінулі на караблі, для разгрузкі, а 100 чалавек разьмеркавалі па дарозе, як казаў Сагур. Кожнаму далі цёплае адзеньне, харч; у тых пунктах, дзе ня было вады, паставілі вёдры з вадой. Два чалавекі з карабля павінны былі абходзіць «фронт» кожны дзень і задавальняць патрэбы таварышоў.

Усе былі папярэджаны, што можа прыдзецца стаяць на месцы некалькі тыдняў, а харчавацца прыдзецца як папала, нават без гарачай вады. Але ці прывыкаць было явайцам да гэтага?

Нарэшце, усё было скончана. Да захаду сонца заставалася яшчэ гадзіна. Усе гарэлі ад нецярплівасьці пусьціць «машыну» ў ход.

Але «інжынэр» Сагур папярэдзіў:

— Не забывайцеся, што апошні атрымае пасылку толькі праз 4 гадзіны.

— Нічога, нічога! — загулі ўсе. — Пусьцім хоць некалькі пасылак. Затое апошнія заўтра пачнуць пазьней на 4 гадзіны.

На спробу паслалі 5 штук, просячы паведаміць, як, ідзе справа, асабліва ад сярэдніх. Бліжэйшыя адказы паказалі, што ў некаторых мясцох былі перабоі, але часткай гэта тлумачылася тым, што было цёмна.

Назаўтра першую пасылку адправілі а 3 гадзіне ночы, каб там атрымалі яе ў 7, а «інжынэр» сам пайшоў па фронце. Прышлося сям-там паправіць, пасунуць бліжэй ці далей, але наогул «машына» працавала нядрэнна. Самі таварышы былі вельмі зацікаўлены і бегалі так, што пасьля паўдня пасылкі пачалі паступаць на месцы нават праз кожныя 3 хвіліны. Увесь час так працаваць, вядома, нельга было. За дзень было зроблена З перапынкі па гадзіне, але затое самі таварышы папрасілі для спробы пусьціць машыну і ўначы. На гэты раз і ў цемры яна добра працавала. Спынілася а 12 гадзіне.

Дзень за днём ішла ўпартая, бязупынная праца. Спынялася яна на 4-5 гадзін уначы ды ў дождж. Вось ужо тыдзень прастаялі таварышы на сваіх мясцох, вось другі. У часе перапынку зараз-жа валіліся на зямлю і тут-жа спалі. Але ніхто не паскардзіўся, ніхто не вымагаў большага адпачынку.

 

160