Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня можа быць! Што гэта такое? Куды-ж яна магла дзецца? Пашлі назад, абгледзелі кожны куст, кожнае дрэва — і зноў нічога не заўважылі.

— Пачакайце! Куды-ж яна магла ўцячы? На пярэднюю стромкую сьцяну ўзьлезьці яна бязумоўна не магла. Застаецца пашукаць бакавыя скалы, яны, здаецца, крыху спарахнелыя.

Уважліва абгледзелі гэтыя скалы — і таксама ніякіх сьлядоў не заўважылі.

— Можа гэта нам так здалося? Можа гэта ня сьвіньня, а нейкі чорт? — ні то жартуючы, ні то сур’ёзна сказаў адзін з таварышоў.

— Хай будзе і сам чорт, а мы павінны яго знайсьці, — сказаў другі.

— З галадухі можна будзе і яго падсмажыць і зьесьці, — засьмяяўся трэці, — я ні разу ня еў смажаных чарцей.

— Можа на дрэва ўзьлезла? — пажартаваў чацьверты.

— Але ўсё-ж такі, што нам рабіць?

— Пачнем калупаць кожную пядзю зямлі, асабліва каля карэньняў, — абавязкова знойдзем.

Пачалі зноў шукаць і, нарэшце, пад вялікім коранем тамарында, ля тых спарахнелых скал, што былі па бакох, нават ня ў куту, а ля самага краю, — сапраўды заўважылі нару.

— Вось куды ён дзеўся! — абрадваліся паляўнічыя і пачалі пашыраць дзіру.

Адгрэблі пясок, потым нейкае, нібы шкляное, каменьне.

— Эге! Ды там, відаць, нейкае вялізнае, пустое памяшканьне!

— Можа, чаго добрага, і для нашай мэты годнае?

Жарты-жартамі, а справа рабілася сур’ёзнай. За зямлёй пашлі крушні гэтага каменьня ці шкла. Самае-ж галоўнае, — яны ня былі суцэльнымі, і іх лёгка было цягаць кавалкамі. Трапляліся часамі вельмі цікавыя і прыгожыя слупкі з гэтага дзіўнага шклянога каменьня.

Нарэшце, шчыліна зрабілася такою, што ў яе можна было пралезьці. На момант таварышы нерашуча спыніліся: ліха яго ведае, куды яшчэ трапіш?

— Ну, калі вяпрук пралез, дык мы — тым болей! — сказаў першы і асьцярожна пачаў спускацца.

Але і асьцярожнасьці ніякай не патрэбна было; крушні каменьня, зямлі спускаліся ў сярэдзіну паступова.

— Хадзеце сюды! Нічога асаблівага няма! — крыкнуў той знутры.

Праз хвіліну ўжо ўсе там былі.

— У каго ёсьць запалкі? Запальвайце!

Мільгануў агоньчык, — і нашы таварышы аж зьдзівіліся.

Перад імі была вялічэзная заля, якая нават гублялася недзе там, у цемры. Але дзіўней за ўсё было, што яна здавалася шкляною

 

154