ды яшчэ з рознакаляровага шкла. Сьцены, столь, падлога — усё было з шкла; зьверху яшчэ віселі шкляныя нацёкі. Усё гэта ад сьвятла зайграла рознымі колерамі і зусім нагадвала казачны палац.
— Ну, вось, я-ж казаў, што гэта быў чорт. А гэта яго палац, — сказаў той самы таварыш, і на гэты раз здавалася, што ўжо на тры чвэрці ён гаворыць сур’ёзна.
— У такім разе трэба будзе падзякаваць яму за дасканалае памяшканьне для нашай зброі.
— А дзе-ж наша сьвіньня дзелася?
— Ну, цяпер аб ёй няма чаго думаць. Ды яна і не ўцячэ. Хай хто-небудзь ідзе за нашымі таварышамі. Вось парадуюцца яны!
Праз некаторы час таемная пячора напоўнілася вясёлым людзкім гоманам. Пасярэдзіне гарэла вогнішча, ад якога дзіўна яскравіліся шкляныя сьцены і цацкі на столі. Але там далей жудасна чарнелася таемная цемра.
— Пойдзем, таварышы, на паляваньне, а разам з гэтым абгледзім наш палац, — прапанаваў Сідан.
Хоць і змораныя былі нашы падарожнікі, але перад такім нязвычайным паляваньнем забыліся аб усім на сьвеце. Зараз-жа наламалі смольнага гальля, зрабілі факелы і рушыліся ў дарогу.
Наколькі казачны быў палац, настолькі і процэсія была казачная. Наперадзе, у шэраг, ішло 10 чалавек з вінтоўкамі напагатове, рэшта ішлі ззаду, падняўшы высока над галавой факелы. Агонь крок за крокам расьсякаў цемру і адчыняў ўсё новыя і новыя пакоі, залі, калідоры, закавулкі, — і ўсе яны былі з шкла, усе цудоўна яскравіліся рознымі колерамі.
Наверсе замітусіліся кажаны, нават нейкія птушкі, унізе забегалі яшчаркі, нейкія зьвяркі; вось пачуўся тупат буйнога зьвера, але ўбачыць яго ня было магчымасьці.
— Вось ён дзе, наш вяпрук, — весела гутарылі таварышы, — па справядлівасьці трэба было-б пашкадаваць яго за тое, што прывёў нас у гэты палац, але, на жаль, есьці вельмі хочацца.
Так прайшлі, мусіць, мэтраў з дзьвесьце, а наперадзе ніякага канца ня было відаць. Нарэшце, заўважылі збоку завулак.
— Давайце глянем сюды!
Завярнулі. Завулак быў значна меншы за галоўную вуліцу і далей вельмі хутка зьніжаўся і звужваўся. Нарэшце, застаўся маленькі куток, а ў ім нешта варушылася.
— Вяпрук! — закрычала некалькі галасоў разам.
Раздаліся стрэлы. Рэха пакацілася па падзямельлі. Дзік быў забіты. Хоць і хацелася вярнуцца назад і зараз-жа пакаштаваць сьвяжыны, але цікавасьць была мацней. Палажылі здабычу ля ўваходу ў завулак, а самі пашлі далей.
Вось яшчэ адзін завулак, з другога боку. Але там нічога цікавага не знайшлі. Яшчэ прайшлі некалькі крокаў. Падлога пані-
155