Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

быць падобнымі да культурных голяндцаў, вышэйшая явайская кляса сама сабе малюе бараду, вусы і ў дадатак яшчэ бровы да вушэй.

Але народ зусім ня дзівіўся з гэтага пужала. Наадварот, яшчэ, склаўшы рукі далонямі і працягваючы іх наперад, яны схіляліся перад гэтым панам з самай шчырай пашанай.

Ля дзьвярэй вагона адбылося непаразуменьне. Пайёнганосец ня мог пралезці ў вагон са сваім парасонам, а скласьці яго ня было магчымасьці. Відаць, гэты пачэсны і заслужаны пайёнг рабіўся тады, калі яшчэ не прадбачылі такой штукі, як вагон.


Эўропэйская культура перамагла азіяцкую.

Пайёнганосец спробваў ціскацца і так, і гэтак, але нічога ня мог зрабіць. Між тым далі сыгнал на адход паезда. І бедны саноўнік адаслаў пайёнг назад і ўлез у вагон адзін.

Эўропэйская культура перамагла азіяцкую!

— Гэта які-небудзь «адзіпаці» ці «паці», — казаў тымчасам плянтатар. — Шмат у іх розных чыноў, кожны мае свае адзнакі, спэцыяльнага колеру пайёнг. У адносінах паміж сабой яны строга прытрымліваюцца старажытных цырымоній. Нават мова ў розных выпадках ужываецца розная. З вышэйшымі такі «адзіпаці» гаворыць на аднэй мове, з ніжэйшымі — на другой, а з роўнымі — на трэцяй.

Саноўны пужала ўвайшоў у вагон. Усе пасажыры, у тым ліку і голяндцы з пашанай пасунуліся, каб даць яму лепшае месца.

— Але, як я бачу, вы і самі шануеце іх, — заўважыў Дрэкер.

Плянтатар паціскаў плячыма.

— Хай сабе гуляюць! Нам гэта не пашкодзіць, — і схіліўшыся бліжэй, ціха дадаў. — Усёроўна, усёй краіны мы засяліць ня можам, асабліва гэтыя вільготныя і нездаровыя мясьціны. На ўсю гэтую дзяржаву з некалькімі мільёнамі чалавек нас набярэцца некалькі соцень. Вядома, у такім выпадку лепш сябраваць, чым ваяваць. Пакуль што, хай сабе гуляюць у незалежнасьць!

Гейс ведаў усё гэта лепш ад плянтатара і не працягваў гутаркі.

Мясцовасьць была балацістая. Зьвяртала на сябе ўвагу вялікая колькасьць палёў, засаджаных цукровым трысьцём, і шмат труб

цукровых заводаў. Але і сярод агульнай беднаты ўсяго явайскага

 

147