Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Салул вярнуўся а трэцяй гадзіне і расказаў, што тэлеграму атрымалі і зараз-жа паслалі двух надзейных таварышоў. Аб далейшым нічога яшчэ невядома.

— Ну, а які настрой людзей тут?

— Ды што-ж? — матнуў рукой Салул. — Як і ўсюды: церпяць, маўчаць і чакаюць збавеньня з неба. Зразумела, калі штурхануць іх, дык заварушацца.

— Ці хопіць людзей для гэтага штуршка?

— Вельмі цяжка назваць пэўны лік. Думаюць, што на першы пачын знойдзецца чалавек сто.

Раніцою паехалі далей. Дрэкер знайшоў у сваім вагоне бадай усіх тых пасажыраў, з якімі ехаў учора. Плянтатар, чыноўнік, афіцэр і нават явайскі франт сустрэлі Дрэкера, як знаёмага.

— Зараз паедзем заграніцу, — сказаў плянтатар, калі поезд рушыў з месца.

Гейс ведаў, аб чым ён кажа, але трэба было прыкідвацца, што ён першы раз на Яве і не дагадваецца, у чым справа. Ён нібы незразумела зірнуў на свайго суседа. Той зараз-жа пачаў тлумачыць:

— Зараз пачнецца незалежная дзяржава Джоджакарта.

— Чуў аб гэтым, — казаў Дрэкер, — але добра не разумею, як гэта выходзіць. Ці сапраўды яна незалежная?

— А як-жа ж? Свой уласны султан, урад. Свае ўласныя вельмі яскравыя саноўнікі. Свая ўлада на мясцох. Чаго-ж вам болей трэба? А вось вам і прадстаўнік гэтай улады. Палюбуйцеся!

Поезд стаяў на нейкай маленькай станцыі. Як звычайна, таўклося шмат народу, галоўным чынам, гледачы. Брудныя прадаўцы, большай часткай кітайцы, бегалі з бананамі, гатаваным рысам, малаком і рознымі іншымі падазронымі па якасьці стравамі.

Паміж іншым, можна было заўважыць, што тутэйшы народ, явайцы, некалькі адрозьніваюцца ад жыхарства Заходняй Явы, сунданэзцаў. Явайцы меншага росту, але складнейшыя. Колер скуры сьвятлейшы. Гейс адразу прыпомніў бантамскіх бадувісаў.

Вось натоўп рассунуўся. Над галовамі закалыхаўся яскравы, пярэсты «пайёнг» (парасон). Нёс яго паўголы тубылец, пасоўваючыся задам да вагону. А пад пайёнгам важна рухаўся чалавек, які, здавалася, толькі што ўцёк са сцэны тэатру. Стракаты шоўкавы саронг блішчаў рознымі цацкамі; з-пад яго відаць былі шырачэзныя шоўкавыя штаны з жоўтымі і чорнымі палосамі, а ногі былі босыя. Галава была абкручана рознакаляровай хусткай, а на ёй яшчэ сядзеў нейкі каўпак («кулук»).

На «кававым» твары гэтага чалавека чорнай тушшу былі намалёваны маленькая бародка, вострыя, закручаныя вусікі і бровы ад

самага пераносься блізка што да вушэй. У малайскага племя, як вядома, амаль зусім не расьце расьліннасьць на твары, а між тым у культурных эўропэйцаў ёсьць і барада, і вусы. Дык вось, каб

 

146