Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Аслабіць ход!

— Узмацніць тросы!

Вось ужо сярэдзіна карабля ў праходзе. Каманда з посьпехам адпіхваецца ад скал. Вось самы рызыкоўны момант: у праходзе хістаецца карма. Вось яна адхіснулася налева, на камень. Шчаціна з жардзей, кіёў утыкаецца ў камень, сьлізгаецца.

Вось адзін з людзей паляцеў з трапа ў ваду, ледзь ня трапіў паміж караблём і скалой, упаў і выплыў к носу карабля. Ратаваць яго ня было часу ды і ня трэба было: ведалі, што ня ўтопіцца.

Потым раптам кінула карму направа. Людзі не пасьпелі, ці не маглі, устрымаць яе сваімі жэрдкамі… Пачуўся штурх, лёгкі: два мяхі з мукой апынуліся між караблём і каменем.

Лягчэй уздыхнулі сотні грудзей. І яшчэ лягчэй усе ўздыхнулі, калі карабель шугануў праз бар’ер. Але праз момант радасьць была сапсавана другім штыршком, цьвёрдым, злым. Трэснула наперадзе, ля носа…

Гейс кінуўся наперад. Але нос карабля не дакранаўся да берагу. Значыцца, карабель штырхануўся аб нейкі падводны камень ля сьцяны.

Тымчасам зьнізу паведамілі, што ў левай насавой частцы, на поўмэтра ніжэй ватэрлініі[1] прабіта дзірка на шчасьце невялікая, бо рух карабля быў вельмі слабы. Пакуль што запхнулі яе, пусьцілі ў ход насосы і пачалі сунуцца далей.

— У параўнаньні са ўсёй справай такая бяда, — зусім не бяда, — весела казаў Гейс. — А калі разгрузім карабель, дык прабоіна падымецца над вадой, і яе лёгка будзе паправіць.

Далейшая праца была ўжо лягчэйшай. Паціху заехалі ў фіёрд, паставілі карабель, замацавалі яго. Але, на жаль, увесь ён не схаваўся, і карма яго крыху высоўвалася. Праўда, высоўвалася яна ня ў мора, а ў такі самы фіёрд, але ўсё-ж такі, калі хто-небудзь з мора захацеў-бы пільна прасачыць бераг, дык мог-бы заўважыць.

— Нічога! — супакоіў Гудас. — Мы так прыбяром гэты канец зялёным гальлём і дрэвамі, што нават зблізку не пазнаюць.

Гэтую ноч правялі, як кажуць, нібы пшаніцу прадаўшы. Кожны адчуваў спакой, упэўненасьць. Важнейшая праца была зроблена, зброі не пагражае непасрэдная небясьпека. Нават, калі-б цяпер і зьявіліся голяндцы, з імі можна было-б уступіць у бойку, як роўны з роўным.

Каб выгрузіць зброю пры такіх нязручных умовах, знайсьці для яе месца, перанесьці, разьмеркаваць, а потым яшчэ паправіць карабель, — патрабавалася шмат часу, можа некалькі месяцаў. А тымчасам трэба было падрыхтаваць справу і з другога боку — увайсьці ў сувязь з організацыямі па ўсёй краіне.

  1. Лінія, дакуль карабель сядзіць у вадзе.
 

141