Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ліхтары, дык засталіся вельмі задаволенымі: толькі тры яскравыя плямы блішчалі на вадзе, а ўвесь карабель губляўся ў цемры.

— Гэтак і за поўкілёмэтра не заўважыш яго, — казаў Гудас.

Потым замацавалі два тросы[1] на беразе: адзін якраз наперадзе, а другі далей, убок. Гэтыя тросы павінны былі наматваць машыны («лябёдкі»), і карабель павінен быў пасоўвацца наперад павольна, цьвёрда і пэўна, крыху наўскасок і не адхіляючыся ў бакі. На долю каманды заставалася толькі кіраваць кармой карабля, каб яна ня стукнула аб каменьні. Але гэтае «толькі» было цяжэй і небясьпечней за ўсё іншае.

Заставалася яшчэ адна небясьпечная магчымасьць. Калі карабель павольна цягнуць наперад двума напружанымі тросамі, ён, вядома, адхіляцца ня будзе і пойдзе па сярэдняй лініі. Але што будзе, калі хвалі штырхануць яго ззаду і прымусяць пайсьці хутчэй, чымся трэба?

— Значыцца, трэба будзе ўвесь час падтрымліваць задні ход, каб карабель не пасунуўся наперад, — адказаў Гейс. — Іначай кажучы, трэба будзе адначасова карыстацца абедзьвюма процілеглымі сіламі і даваць перавагу першай настолькі, наколькі гэта патрэбна. Разам з тым гэта значна паслабіць і рухі кармы ўбок.

Доўга ішла падрыхтоўчая праца. Асабліва цяжка было замацаваць тросы. Вада тымчасам усё прыбывала. А другой гадзіне яна заліла ўжо і той камень, які служыў меркай прыліву.

Карабель стаяў нарыхтаваўшыся, носам наперад, і чакаў апошняй хвіліны. Сто чалавек каманды прымасьцілася па бакох, узброеныя чым толькі магчыма. Значная частка сядзела на трапах[2] з надворнага боку карабля. Усе трымалі ў руках што-небудзь, каб адпіхнуцца ад скалы. Нават мяхі з мукой пусьцілі ў ход; яны віселі па бакох на вяроўках, і два чалавекі трымаліся за канцы яе, каб, у выпадку неабходнасьці, апусьціць мяхі ў ваду між караблём і скалой.

— Пачынай! — закамандаваў Гейс.

Затарахцелі лябёдкі, нацягнуліся тросы, — і карабель папоўз наперад. Але чым бліжэй да рыфаў, тым мацней былі хістаньні карабля. Гудас стаяў ля старна. Босы, цёмнаскуры, з голай галавой, у расшпіленай падранай кашулі, з палаючымі вачыма, — ён здаваўся адным з тых капітанаў-зданьняў на зачарованых караблёх, аб якіх ходзіць столькі легенд сярод маракоў усяго сьвету.

Гейс кіраваў машынамі. Яго рукі і зьвінючы голас здаваліся зусім спакойнымі, але больш уважлівае вока магло-б заўважыць, як дрыжаў кожны нэрв, кожны мускул на яго твары і ў руках.

— Задні ход!

— Аслабіць тросы!

  1. Сталёвыя канаты.
  2. Вяровачныя сходні.
 

140