цэлярыі… О! вы з маей пратэкцыяй высока заедзеце!
Мікола. Калі надта высока, дык небясьпечна. Можна абарвацца й паляцець уніз.
Філімон. Ха-ха-ха! Паляцець уніз — кажаце. Вы гэта добра сказалі. Бывае, ўсяляк бывае, але незаўсёды і ня з кожным… Ну, дык можа пачнем, ці што? каб часу ня траціць.
Мікола. Я гатоў… Вось я ўзяў з сабой кніжачку. Напішам, перш-наперш, дыктоўку, каб я ведаў, колькі вы ўжо ўмееце.
Філімон. Добра. Але, але! Напішам дыктовачку! (Сядае пры стале, задам да балькону).
Мікола (глядзіць у кніжку, пасьля зачыняе яе і дыктуе з памяці). „Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў“.
Філімон (паўтарае і піша). „Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў“… Добрая фраза… (да Любы). Чуеш, Любачка?
Люба. Чую, дзядзенька!
Філімон (піша) … „была і будзе заўсёды любоў“… (да Міколы). Любоў пішацца праз „у“ з хвосьцікам?
Мікола (праз гэты час, як Філімон піша, перамігіваецца з Любай. Люба ківае пальцам, даючы знак, што гэтую міміку можа заўважыць Філімон). Але, але! Любоў заўсёды з хвосьцікам.
Філімон. Ужо. Напісаў. (Абярнуўся).