Мікола (адскочыў ад балькону, ходзіць па сцэне і дыктуе). „Ты і я ўдваіх станем сьмелай ступой змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд, жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой, за нявольны свой край, за свой змучаны люд“[1]. (У часе гэтай фразы таксама, як раней, мімічная ігра з Любай).
Філімон (піша). Зараз, зараз… ня так хутка, я не пасьпею… Як там было? „…жыць, любіць і цярпець?“…
Мікола. „Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой…“ (Падходзіць ціханька на балькон і раптам цалуе Любу).
Зьвініць званок.
Мікола (адскочыў ад Любы).
Філімон (крычыць). Марта! глухая, ці што? Адчыні! Нехта звоніць. (Схаваў сшыток пад стол і чакае).
Зьява 6
МІКОЛА, ЛЮБА, ФІЛІМОН і МАРТА.
Марта (праходзіць праз сцэну, ідзе адчыніць дзьверы, пасьля варочаецца з газэтай у руцэ і кладзе яе на стале перад Філімонам). Пачтальён газэту прынёс. (Ідзе ў кухню).