Старонка:Айвенго (1934).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Арэна ўсё яшчэ заставалася пустой, турнір прыпыніўся; адны толькі герольды, аб’язджаючы бегавішча, крычалі:

— Любіце дам! Пераломвайце коп’і! Выходзьце, адважныя рыцары! Цудоўныя вочы глядзяць на вашы справы!

Час-ад-часу ўсходнія музыкі агалашалі паветра ўзрывамі дзікіх мелодый, якія выражалі ўрачыстасць перамогі і выклік на бойкі. Прынц Іоан са сваімі прыбліжанымі пачаў ужо талкаваць аб тым, што час ужо рыхтаваць банкет, а прыз давядзецца прысудзіць Брыяну дэ-Буагільберу, які адным і тым-жа кап’ём скінуў двух праціўнікаў з сёдзел, а трэцяга перамог.

Раптам на паўночным канцы пачуўся з-за агарожы гук адзінокай трубы, азначаўшай выклік. Усе погляды павярнуліся ў той бок, каб паглядзець, што за новы рыцар паведамляе аб сваім прыбыцці. Як толькі адамкнулі браму, ён уз’ехаў на бегавішча.

Наколькі можна было судзіць аб чалавеку, закаваным у баявую зброю, новы баец быў крыху вышэй сярэдняга росту і здаваўся хутчэй слабога, чым моцнага целаскладу. На ім быў сталёвы панцыр з багатай залатой насечкай, а дэвіз на яго шчыце выяўляў вырваны корнямі ўверх малады дуб і надпіс „Пазбаўлены спадчыны“. Ехаў ён на надзвычай добрым кані, і праязджаючы ўдоўж агарожы, шыкоўным рухам нахіліў кап’ё, вітаючы прынца і дам, што сядзелі ў галярзі. Спрытнасць, з якой ён кіраваў канём, і юнацкая грацыя яго стана адразу замілавалі простых гледачоў, так што шмат хто крычаў яму з натоўпу:

— Крані кап’ём шчыт Ральфа де-Віпонт! Выклікай іоаніта: ён не так моцны ў сядле і з ім лягчэй будзе справіцца!

Рыцар выехаў на супроцьлеглы канец бегавішча, узняўся на ўзгорак і, надзіва ўсіх гледачоў, наблізіўся проста да сярэдняга шатра і так ударыў вострым канцом свайго кап’я ў шчыт Брыяна де-Буагільбера, што той аж працяжна зазвінеў.

Усе былі вельмі здзіўлены такою смеласцю, але больш усіх здзівіўся сам грозны рыцар, якога ён выклікаў такім чынам на смяротную бойку: ён так мала чакаў такога рашучага выкліку, што ў самай спакойнай позе стаяў у гэтую хвіліну ля дзвярэй свайго шатра.