Старонка:Айвенго (1934).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выехалі толькі тры рыцары: яны прайшлі міма шчытоў Буагільбера і Фрон дэ-Бёфа, і выклікалі на спаборніцтва толькі трох астатніх, якія выказалі не такі дасканалы спрыт і сілу. Але такая асцярожная палітыка ні да чога не павяла, вынік застаўся ўсё той-жа.

Пасля чацвертага спаборніцтва зрабілася досыць вялікая пауза: не знаходзілася ахвотнікаў пачынаць бойку. Сярод гледачоў пачаліся нараканні. З ліку пяці арганізатараў або зачыншчыкаў Мальвуазен і Фрон дэ-Бёф мелі дрэнную рэпутацыю, а астатніх, за выключэннем Гранменіля, лічылі чужаземцамі.

Але ніхто так жвава не спачуваў агульнаму нездавальненню, як Седрык-Саксонец, які ў кожным новым поспеху нармандскіх рыцараў бачыў знявагу для гонару Англіі. Змоладу ён быў не так выхаваны, каб вельмі напрактыкавацца ў рыцарскіх гульнях, хоць у шмат якіх выпадках даказаў, што ўмеў валодаць зброяй сваіх саксонскіх продкаў і не пазбаўлены быў ні адвагі, ні рашучасці. З трывогай паглядаў ён на Атэльстана, які ў свой час вучыўся гэтаму моднаму тады майстэрству, у надзеі, ці не захоча ён асабіста сваёй адвагай загладзіць крыўды, зробленай англійскаму рыцарству, і вырваць перамогу з рук храмоўніка і яго таварышоў. Але, не гледзячы на сваю фізічную сілу і безумоўную адвагу, Атэльстан быў такі гультай, што яму і ў галаву не прыходзіла ўзяць на сябе той абавязак, чаго, як відаць, чакаў ад яго Седрык.

— Не пашчасціла сёння Англіі, мілорд, — сказаў ён яму паважным тонам. — Вось бы самы час вам узяцца за кап’ё.

— Я збіраюся пабіцца заўтра, — адказаў Атэльстан, — і прыму ўдзел у мелэ; не варта ўжо сёння надзяваць зброю.

У гэтым адказе два пункты былі асабліва не па сэрцу Седрыку: папершае, яго пакаробіла гэта нармандскае слова мелэ, што азначала агульную сутычку, а падругое, выявілася поўнае раўнадушша да гонару свае бацькаўшчыны… Але таму што ўсё гэта ішло з вуснаў Атэльстана, да якога ён меў неабмежаваную павагу, то Седрык не дазволіў сабе ні асуджаць яго, ні супярэчыць яму.