Старонка:Адраджэньне 286-301.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што―яна і радасьць наша і смутак наш. І калі Якуб Колас хацеў нарысаваць агульны вобраз роднага краю, то мусіў нарысаваць яго і мілым і смутным. Мілы ён―бо гэта крыніца жыцьця, смутны―бо не перажыта яшчэ наша нацыянальная няволя, бо мы блудзім яшчэ па пустыні, як тое жыдоўства, што вывеў некалі Майсей з няволі эгіпецкай. Вось гэты агульны вобраз нашай айчыны ў апісаньні Я. Коласа ў яго натхненным вершы «Родныя вобразы»:

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?
Толькі я лягу і вочы закрыю,
Бачу я вас прад сабой.
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
Зьзяючы мілай красою.
Чуецца гоман мне сьпелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага шум-гуд шчасьлівы,
Песьня магутных дубоў…
Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд!
Песьні цягучыя, песьні пакутныя…
Бачу і чую вас тут!

Вось такі то вобраз нашай айчыны: ён і мілы, ён і смутны і іншы быць ня можа, покі ня скончылася нашае нацыянальнае паланеньне. Гэтаe вялікае замілаваньне да свае айчыны, поўнае смутку і жальбы-нядолі, агністаю пасмаю праходзіць праз усю творчасьць Якуба Коласа. Якуб Колас не пратэстуе, ён і ня бунтуе, як Янка Купала―гэты волат у беларускім пісьменсьцьве, каторы кажа:

За што, о Божа праведны, магучы,
Караеш так няшчасны свой народ?
Чаму на стогн маўчыць Твой гром бліскучы
На стогн, што да Цябе йдзе з году ў год?

Паўзводзіў царствы, даў ім панаваньне,
І над пасадамі ўзьнёс свой пасад,
А нашу Бацькаўшчыну на’т прыстаньня
Пазбавіў, выгнаў чэзнуць сярод крат.

Прадаў на глум і годным і нягодным
Усё, што ёсьць сьвятым для нас і ў нас:
Мы дома—як ня дома, правам родным
Сваім ня сьмеема пажыць хоць раз.

Бадзяцца кінуў на нязьмерным сьвеце,
Нявольнікамі кінуў нас гібець
За тую веру, што бацькі і дзеці
Лет сотні ў моц Тваю вучылісь мець.

І Ты глядзіш на гэта ўсё, і неба,
Тваё маўчыць, як падзямельля мур;
Мальбы няшчасных: долі, праўды, хлеба!
Ты таўх паняць, паслаць маланкі бур.

Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы,—
Закон і суд свой праведны пашлі!..
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
Калі Ты Цар і неба, і зямлі!

Не, Якуб Колас ня бунтуе. Ён, як тыя прарокі, толькі распаляе агонь любві да палоннай айчывы і сваёю жальбай, сваім плачам на таках бабілёнскіх будзіць заснуўшых, кліча нас успомніць свой страчаны Сіон і ня мірыцца з палонам. Ён навучае нас любіць сваю прыгожую, але пакрыўджаную бацькаўшчыну, цьвёрда верыць у лепшую будучыну свайго народу і распаляе ў нас агонь сьвятога абурэньня. Калі Няслухоўскі толькі марыў аб тым, што «сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашай ніваю, і будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляй-доляй шчасьліваю», то Якуб Колас гаворыць аб гэтым цьвёрда, упэўнена, як уладу маючы. Вось што мы чытаем у другой яго поэме «Сымон Музыка» на пачатку яе:

О край родны, край прыгожы,
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей ёсьць ў сьвеце божым
Гэтых сьветлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе лясы-бары гудуць.