Старонка:Адраджэньне 286-301.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бясспрэчна «красавіца невеста», хоць і без пасагу, як некалі казаў міністар маскоўскага цара Мікалая І, Навасільцаў, прыязджаўшы на Беларусь гасіць апошнія іскры нацыянальнай сывядомасьці нашага народу. І цікава, што і «Пан Тадэуш» Адама Міцкевіча і «Новая Зямля» Я. Коласа пачынаюцца аднакімі думкамі, аднолькавымі пачуцьцямі ― звароткам да свае ўкаханае краіны, да роднай Беларусі. Адам Міцкевіч у перакладзе Марцінкевіча кажа: «Родная зямелька! Ты, маўляў, здароўе: той цябе ашануе, каму безгалоўе, хто жыў калісь на ніўцы тваей, як у раі, і вось крывавы роніць сьлёзкі ў чужым краі! Цяпер то, як ты красна, я чую, я бачу і апішу, бо горка ўсьцяж па табе плачу!» А Якуб Колас цьвердзіць: «Мой родны кут, як ты мне мілы: забыць цябе ня маю сілы! Ня раз, утомленны дарогай―жыцьцём вясны мае ўбогай―к табе я ў думках залятаю і там душой сапачываю». Тут яны ня толькі два вялікія поэты, землякі і аднафамільцы, ―бо і Якуб Колас па свайму сапраўднаму прозьвішчу Міцкевіч,―тут яны і родныя браты па вялікаму замілаваньню да роднае краіны, што гарачым полымем шугае з іх агністага сэрца. Яны чуюць, яны ведаюць, што «у родным краі ёсьць крыніца жывой вады, што у ім толькі можна пазбыцца свае нуды», як гэніяльна выславіўся другі наш слаўны поэта Максім Багдановіч. Тут, калі ўжо зайшла гутарка пра «Новую Землю», то трудна стрымацца, каб ня прывесьці, хоць для увору, таго хараства ў апісаньні нашае смутна-прыгожае прыроды, каторае зіяючымі дыямэнтамі рассыпана па ўсёй поэме. Успамінаючы шырокія прасторы свае роднае краіны, седзячы ў мурах Менскага вастрогу, куды ўкінуў царызм поэту за любоў да свае айчыны, Якуб Колас у поэме «Н. З» кажа:

Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькае ложа
І ёлка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час каханьня,
Ў апошні вечар расставаньня.
І бачу лес я каля хаты,
Дзе калісь весела, дзяўчаты
Сьпявалі песьні дружным хорам,
З работ ідучы позна, борам.
Нясьліся зыкі песень здольных,
Ў лясох раз-по-раз адбівалісь,
Ім ўзгоркі ўсюды адклівалісь,
І чулась радасьць ў песьнях вольных.
А хвоі, ёлкі векавыя
Пад зыкі песень маладыя
Маўчком стаялі ў нейкай думе,
І ў іх ціхусенечкім шуме
Няслось вячэрняе маленьне
Угару, сьвятое аддаленьне.
Каля пасады лясьніковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,
А ёлкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь,
Заўсёды смутныя, бы ўдовы,
Яны найбольш адны стаялі,
І так маркотна, пазіралі
Іх задуменныя галовы!
Лес наступаў і расступаўся,
Лужком зялёным разрываўся,
А дзе прыгожыя загібы
Так міла йшлі каля сядзібы,
Што проста, імі-б любаваўся.
Ўнізе кустоўнік расьсьцілаўся
Ды густа з лесам ён сплятаўся.
Глядзіш, бывала, і здаецца,
Што скрозь сьцяну галін жывую,
Скрозь гэту тканку маладую
Ні мыш, ніпташка не праб’ецца.
Цякла тут з лесу невялічка,
Травой заросшая крынічка,
Абодва берагі каторай
Лазьняк, ракітнік абступалі;
Бруіліся ў цяньку іх хвалі...
Зялёны луг, як скінуць вокам,
Абрусам пышным і шырокім
Ад хаты зараз пачынаўся
І ўшыр і ўдоўж ён расьсьцілаўся
Ды йшоў квяцістай раўніною
З высокай мяккаю травою...
Эх, луг шырокі! Як жывы ты,
Лучамі сонейка заліты,