Старонка:Адраджэньне 286-301.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыроды любоў, якая мела рашучае значэньне ў кірунку яго далейшага жыцьця і творчасьці.

Будучы выхаванцам Несьвіскай Настаўніцкай Сэмінарыі, ён складаў апазыцыю таму «вытравленьню языка», якое звычайна рабілася ў сэмінарыях, насьмешках з беларускай мовы, як з мужыцкай. Завяршаючы пратэст свайго абуранага сэрца на пасадзе настаўніка, яму прышлося перажыць увесь цяжар прасьледаваньня царскага жандара, а пасьля і трохгадовую турму. Няма чаго і казаць, як цяжка адбілася на яго псыхіцы і здароўі гэтае здарэньне. Але Я. Колас ня страціў сярод цяжкіх зьдзекаў каханьня да свайго народу: наадварот, сэрца яго яшчэ больш загартавалася, аб чым сьведчыць сучасная яго творчасьць.

Грунтоўная асаблівасьць творчасьць Я. Коласа―апісаньне прыроды Бацькаўчыны, як «маладой-беспасажніцы», розных бакоў быту роднага народу, выяўленьне яго псыхікі і філёзофіі. Пісьменьнік жаліцца на няшчасную долю беларуса, на яго беднасьць і прыгнечанасьць. Толькі на могілках знойдзе працоўнік сабе адпачынак; і могілкі нават выяўляюць малюнак беднаты і разбуранасьці.

Але пісьменьнік ня траціць надзеі на лепшую будучыну беларуса―селяніна. Рознакаляровымі малюнкамі і ласкавым юмарам ён стараецца падбадрыць сваіх братоў, загартаваць у іх сэрцы каханьне да ўсяго роднага.

Дакладчыкі аднагалосна жадалі Я. Коласу дачакаць поўнага адраджэньня любімага ім народу, і спадзяваліся, што гэты шчасьлівы момант хутка настане, і пісьменьнік будзе сьпяваць радасныя гымны вольнаму, шчасьліваму народу. Прысутныя ў залі далучыліся да гэтага пажаданьня моцнымі аплёдысмэнтамі.

Пасьля дакладаў, Я. Колас, па просьбе старшыні ўрачыстасьці і прысутных грамадзян, прачытаў новы свой твор, адрывак з поэмы «Новая Зямля», які ўсе слухалі з вялікім захапленьнем і цікавасьцю.

Беларускі хор Равінскага выпаўніў некалькі вершаў Коласа, паложаных на музыку, і пад сьпеў інтэрнацыяналу і беларускай марсэльезы «Ад веку мы спалі», прысутныя разыйшліся, выносячы ў сэрцы вялікі пад'ём, прадбачачы набягаючыя гадзіны поўнага росквіту роднай культуры.

Даклад Я. Лёсіка―Нацыянальны элемэнт у творчасьці Якуба Коласа і Тараса Гушчы.

Я хачу пагаварыць аб тым, як адбілася ў творчасьці Якуба Коласа і Тараса Гушчы нашая нацыянальная справа, беларускае нацыянальнае адраджэньне. Я ня буду чапаць мастацкага боку яго творчасьці, бо мяне цікавіць не поэта і пісьменьнік, як такі, а поэта і пісьменьнік, як грамадзянін, які робіць добрую грамадзянскую справу, «паспалітае добрае», як некалі пісаў наш слаўны перакладчык Бібліі, Скарына.

Зазначу толькі, што, як поэта і пісьменьнік, Якуб Колас дасяг надзвычайнай вышыні, і цяпер талент яго стаў на ступень найвышэйшага росквіту. Гэта сапраўды наш гэній, беларускі клясык. Па свайму таленту, па шырыні і глыбіні свае творчасьці яго, калі й можна да каго прыраўнаваць, то толькі да нашага слаўнага земляка, вялікага польскага поэта—Адама Міцкевіча ў яго поэме «Пан Тадэуш». Каб бачыць гэта, даволі пазнаёміцца хоць з некаторымі часьцінамі яго поэмы «Новая Зямля». Напісана поэма вершам надзвычайнай прыгожасьці з чаруючай мілагучнасьцю. Але калі ў «Пане Тадэушу» малюецца ўклад жыцьця нашага беларускага шляхецтва пэўнага часу, то заданьні «Новае Зямлі» далёка шырэйшыя. «Новая 3ямля»―гэта беларуская «Іліада». У «Новай Зямлі», як у люстры, прыгожа адбіваецца сялянскае жыцьце ў яе многапакутнае Беларусі, а хараство, багацьце і рознастайнасьць нашае айчыны выступае ў поэме перад усім культурным сьветам першы раз і прымушае кожнага сказаць, што Беларусь