Старонка:Адраджэньне 286-301.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пісьменьнік пасьвячае шмат сваіх вершаў і даходзіць у некаторых з іx да праўдзівага рэвалюцыйнага пафосу. Выхал з палітычнага тупіку, у якім доўгі час знаходзілася Беларусь, Я. Купала бачыць толькі адзін — гэта ўпартае рэвалюцыйнае змаганьне. Яго творы заклікаюць беларусаў на вялікі сход, пад якім разумеецца нішто іншае, як рэвалюцыя. Найбольш выяўна гэты кліч прыкмячаецца ў яго драме «Раскіданае гняздо».

Малюючы цажкі палітычны і эканамічны стан Беларусі, пясьняр не заплюшчывае вачэй і на прыродныя заганы роднага яму беларуса. З некаторых яго твораў відаць праконаньне песьняра ў тым, што кожны чалавек у значнай меры, каваль свайго шчасьця. Грунтуючыся на гэтым праконаньні, пясьняр даводзіць, што шмат якія няшчасьці беларуса залежаць ад яго ўласнай нядбаласьці і адсутнасьці моцнай волі.

Паміж гарачых закліканьняў к барацьбе за лепшае жыцьцё. Я. Купала ў сваіх творах часта імкнецца ўвысь ―к сонцу і зорам―і адтуль сумна аглядае цярнёвы шлях, па якім ён вёў свой родны народ з цяжкае няволі.

Сымбалізм так-сама займае, па думцы дакладчыка, выдатнае месца ў творах Я. Купалы. Так, напрыклад, раскіданае гняздо беднай беларускай сям'і, апісавае ў драме пад тэй-жа назвай, зьяўляецца вялікім сымбалем шмат вякоў пакутуючай Беларусі. Адзін з гэрояў драматычнай поэмы «Сон на кургане»―Сам ёсьць ніхто іншы, як беларус, каторы шукае свайго шчасьця.

Пасьля М. Пятуховіча зрабіў даклад на беларускай мове аб сацыяльна-палітычных матывах у творах Я. Купалы прафэсар Унівэрсытэту У. М. Ігнатоўскі.

У пачатку свайго дакладу ён адзначыў, што беларус спрадвеку быў прадстаўніком працоўнай клясы, і таму сацыяльна-палітычнае адраджэньне беларускага народу зьяўляецца адным з галоўных матываў творчасьці Я. Купалы. Яго нацыяналізм заўсёды грунтуецца на сацыяльных пытаньнях. Гэты нацыяналізм нідзе не выглядае ў песьняра, як нешта асобнае, а заўсёды знаходзіцца ў цеснай сувязі з думкамі аб родным народзе і яго палтычна-сацыяльным становішчы. Вышэй за ўсё пясьняр ставіць працу, якая зьмяняе нават самы выгляд зямлі. Aпіcваючы ў сваіх творах жыцьцё беларуса з усіх бакоў, пясьняр бачыць прычыны яго цяжкага стану ў нацыянальнай няволі, у безьзямельлі, у поўнай залежнасьці ад панскай ласкі, у адміністрацыйным уціску, у несьвядомасьці і цемнаце. Соцыяльна-політычны элемэнт знаходзіцца ў большасьці лепшых вершаў Я. Купалы і выяўна характарызуе яго, як аднаго з магутных правадыроў беларускага народу на шляху к сучаснаму сацыяльнаму яго адраджэньнню.

Наступны дакладчык прафэсар Вазьнясенскі гаварыў аб сувязі лірыкі Я. Купалы з народнай творчасьцю. Дакладчык адзначыў, што як у народнай поэзіі, гэтак і ў творах Я. Купалы зьяўляюцца адны і тыя-ж матывы.

Нарэшце выступіў З. С. Кацанбогін, які ў сваім цікавым дакладзе адзначыў, што лірыка Я. Купалы зьяўляецца надта правідловай люстрай жыцьця беларускага народу. Сваё галоўнае лірычнае натхненьне пясьняр чэрпае з адвечнай пакуты беларусаў і зьяўляецца вельмі выдатным ідэолёгам нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Ідэя нацыянальнага адраджэньня, па словах дакладчык, вьяўляецца лейт-матывам усёй яго творчасьці. У гэтым дакладчык бачыць вялізарную заслугу песьняра перад Бацькаўшчынай.

Далей адбылася літаратурна-вакальная часьціна ўрачыстасьці, якая пачалася сьпевам міжнароднага гымну.

У літаратурна-вакальнай часьціне прыймалі ўдзел артысткі і артысты Беларускага дзяржаўнага Акадэмічнага Тэатру, а таксама і хор памяненага Тэатру.

Дэклямацыя і сьпевы—музыкі Ул. Тэрраўскага —складаліся выключна з твораў Я. Купалы.