Старонка:Адраджэньне 286-301.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Урачыстае ўшанаваньне беларускага нацыянальнага песьняра і пісьменьніка Янкі Купалы.

19-га сакавіка сёлета ў актавай залі Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытату адбылося ўрачыстае ўшанаваньне беларускага нацыянальнага песьняра і пісьменьніка Янкі Купалы.

Урачыстасьць пачалася афіцыяльным пасяджэньнем, якое адчыніў рэктар азначанага ўнівэрсытэту праф. В. І. Пічэта.

У сваёй устуннай прамове ён сказаў, што зараз выяўлены ўсе адзнакі ў творчасьці Янкі Купалы, па якім беларусы маюць права лічыць яго вялікім беларускім нацыянальным пісьменьнікам. Адзначыўшы, што Я. Купала мае для беларусаў такую вартасьць, як Т. Шаўчэнка для ўкраінцаў, А. Міцкевіч для палякаў і А. Пушкін для расійцаў, паважаны прафэсар правёў паралель між творчасьцю Я. Купалы і творчасьцю ўкраінскага нацыянальнага песьняра і яскрава давёў, што значэньне Я. Купалы для беларускай літаратуры шмат большае, чымся значэньне Т. Шаўчэнкі для ўкраінскай літаратуры.

З другім дакладам выступіў лектар Унівэрсытату М. Я. Пятуховіч. Яго даклад быў самым вялікім і багатым па зьместу і захопліваў размаітыя бакі творчасьці Я. Купалы. Даклад зьявіўся запраўднай навуковай лекцыяй аб творчасьці шаноўнага пісьменьніка і заслужвае таго, каб спыніцца на ім падрабязьней. Шкада толькі, што даклад быў сказаны не ў беларускай мове.

Разглядваючы досыць падрабязна творчасьць Я. Купалы, дакладчык адзначыў, што ён зьяўляецца выдатным індывідуалістам, і, як у індывідуалісты, у яго творах прыкмячаецца самаўглыбленьне і імкненьне к адзіноцтву. Пясьняр цешыцца прыродай — гэтай невысыхаючай крыніцай чыстай радасьці.

У параўнаньні з расійскімі пісьменьнікамі-індывідуалістамі; (К. Бальмонт, Ф. Салагуб. і інш.) творчасьць Купалы знаходзіцца на больш жыцьцёвым грунце з тэй прычыны, што адзначаныя расійскія індывідуалісты ў шмат якіх сваіх творах сталі на няпэўны шлях дэкадэнства, якое не расквятнеўшы памёрла. Купала-ж, на вялікую карысьць для беларускай літаратуры, зусім ухіліўся ад такога шляху. Яго індывідуалізм, па думцы дакладчыка, знаходзіцца ў цеснай сувязі з агульна-грамадзянскім настроем. З адзначанага кірунку Я. Купала ня выходзіць у працягу ўсяе свае літаратурнай дзейнасьці.

Далей С. Пятуховіч адзначыў, што ў Я. Купалы ёсьць нешта супольнае з расійскім пісьменьнікам Лермантавым, як, напрыклад, самаўглыбленьне і імкненьне к адзіноцтву, але гэта зусім ня значыць, што ён пазычыў думкі з твораў расійскага пісьменьніка.

У многіх сваіх вершах Я. Купала зьвяртаецца к слаўнаму мінуламу сваей Бацькаўшчыны і шчыра сумуе, што ў часе царызму ў розных галінах жыцьця Беларусі прыкмячаецна поўны заняпад і панаваньне цемры, калі прыходзілася толькі марыць аб залатой волі.

Моцным і яскравым пратэстам супроць усіх цёмных сіл, якія бязьлітасна прыгнячалі ў гэтыя часы беларускі народ, зьявіўся мастацкі верш «Ворагам беларушчыны».

Абмаляваньню цяжкага палітычнага і эканамічнага стану беларусаў,