Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.2.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Статыстыка творыць сьвядома фальшывые данные аб перавазе „польскага" элемэнту на Беларусі; вылічае сколькі жыхароў прыпадзе Польшчы, з якіх можна было-б набраць не адну дывізію для абароны польскіх дзяржаўных меж. Разам з навукай экономікі - падрахоўвае лік беларускага лесу, беларускага лёну, што могуць павялічыць багацьця Польшчы; вырахоўвае, сколькі польскі скарб можа атрымаць з Беларусі падаткаў, якіе комэрцыйные комбінацыі можна стварыць, дзякуючы захопленьню Беларусі, для экономічнага апанаваньня Балтыкі, Чорнага мора і ўсяго ўсходу.

Юрыдычна-дзяржаўная думка прыстасоўвае для захопленьня Беларусі - ці то скрытага, ці то яўнага — адпаведные дзяржаўнапраўные концэпцыі.

Гістарычная навука узмацоўвае гэтые мяркаваньня ссылкамі на гісторыю, на „гістарычные правы" Польшчы на Беларусь; творыць тэорыі, апраўдываючые захопленьне на аснове волі дынастый, што істнавалі сотні гадоў таму назад.

Поэты і пісьменьнікі, служачые тым жа мэтам, складаюць легенды аб мінулай славе „літоўскіх палякаў", што гэтак прывольна жылі на Беларусі, і косьці якіх завуць на новае паняволеньне яе; мастацкім вершам, каляровым плакатам будзяць волю грамадзянства для аружнага змаганьня з беларускім селянінам.

Уваскрашаюцца старые настроі, старые прэтэнсыі. Навука, палітыка і мастацтва варочаюцца да старых паняцьцяў і тэрмінаў: хапаюцца як і ў старыну з якой-сь конвульсіўнай цэпкасьцю за пахаваную жыцьцём назову „Літвы".