Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.2.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вызнаючы крысьць ад беларускага нацыональнага адраджэньня і даючы яму пэўные гарантыі, польская палітычная думка ставіць яго аднак у залежнасьць ад двох варункаў:

а) адраджэньне беларускай нацыі павінна абхапіць сабой увесь магчыма поўны этнографічна-беларускі абшар на ўсход, але павінна адмовіцца ад заходных яго частак. Горадзеншчына і Віленшчына, ня толькі ў каталіцкай сваей частцы, але наагул, павінны быць прызнаны за абшар польскі і тут цалком павінна запанаваць польская культура.

b) адраджэньне беларускай нацыі павінна адбывацца ў межах польскай дзяржаўнасьці, г. зн. ў тэй, ці іншай залежнасьці ад польскай дзяржавы.

Апроч мяркаваньняў чыста палітычнага характару, аб якіх мы мелі зручнасьць ўспамянуць, гаворучы аб тэорыі „гістарычных граніц“ ў вылажэньню п. Галецкага, прыводзяцца яшчэ і іншые мяркаваньня. У Польшчы прынята думаць, што Беларусь культурна, духоўна больш збліжана да Польшчы, чым да ўсходу, што ў ей больш моцны культурные традыцыі захаду, што яна больш „цягне“ да Варшавы. Польская сучаснасьць у гэтым сенсе не далёка адыйшла ад точкі погляду месцовага польскага патрыотызму 30-60 г.г., і ў ей жыве перакананьне, што дзякуючы сувязі Беларусі з Польшчай ў мінулым, якой сувязі не магла парваць 150-гадовае панаваньне Маскоўшчыны, і дзякуючы прысутнасьці на Беларусі польскай меншасьці, уасабляючай польскі „культурны капітал", — на Беларусі „пламянее польскі дух", нават да ўсходніх рубяжоў Магілеўшчыны і Вітэбшчыны.