Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.2.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Галоўнае аб'ясьненьне крыецца ў тым, што развіцьцё беларускай культуры ляжыць ў інтэрасе польскай дзяржавы, і калі польская палітыка ідзе на сустрэч дамаганьням беларусаў аб национальнай школе, мове, звычаях і г. д. - дык гэтые пляны можна лічыць даволі шчырымі. Трэба толькі даваць ім належнае аб'ясьненьне і не надта імі захоплівацца.

Старая Расея не баялась Польшчы і дзеля таго не ганялась за тым, каб прывярнуць беларусаў да сябе і тымі, ці іншымі уступкамі абернуць іх супроць Польшчы. Да таго-ж, беларускі народ быў заўсёды этнографічна бліжэй да яе, нічым да Польшчы, і паддаваўля пэўнай асыміляцыі. З яго ня трэба было нават рабіць свайго саюзьніка супроць каталіцызму, як гэта мела месца ў грунтоўна рознай этнографічна Літве. І таму на Беларусі была палітыка не уступак, але наймацнейшага гвалту.

Сучасная Польшча, па першае, баіцца Расеі, баіцца магчымай „усходнай навалы", і, па другое, яна бачыць, што нацыональна розную Беларусь не ў яе сілах перэтварыць ў нацыональна польскі край. І таму яна ідзе шляхам уступак ў дзедзіне нацыональнай культуры, зацікаўлена ў нацыональным ўзросьце Беларусі і зьвертаньні яе фронтам супроць ўсходу. Польскай дзяржаўнай думцы ясна карысьць ад беларусаў, як саюзьнікаў; ясна карысьць ад стварэньня паміж ей і Расеяй нацыональна-асобнага беларускага барьеру, які хоць крыху мог бы бараніць яе ад „навалы са ўсходу" і прыняць на сябе адтуль першы удар.