Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.2.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На першы пагляд заява гэткага зместу здаецца непраўдападобнай, нагэтулькі ў Польшчы ўсе звыкліся з думкай аб супольнасьці інтэрасаў этнографічных палякаў і палякаў „літоўцаў“, нагэтулькі лічыцца ў ей ненатуральным уселякае „укарачваньне старых польскіх зямель".

„Сыстэма гэтая", гаворыць адзін з аўтараў, „лічыць абавязковым разфрагмэнтаваньне гістарычнай „Літвы" на тры особные адзінкі, але ўжо не імкнецца да будаваньня трох асобных дзяржаўных арганізмаў і ня думае аб чародным аб'еднаньні іх. Агульна кажучы, яна прыймае істнаваньне незалежнай этнографічнай Літвы і дамагаецца далучэньня часьцін, заселянных ў высокім працэнці палякамі, да польскай рэспублікі.

„Істнаваньне этнографічнае літоўскае дзяржавы прыймаецца моўчкі, пры чым адмаўляюцца ад якой бы то ні было дзяржаўнапраўнай сувязі з ей".

Адмаўляючыся ад Літвы, програма гэтая розна вырашае пытаньне аб Беларусі і аб ,польскім пасе". Адна група лічыць патрэбным, каб „польскі пас" быў далучаны да Польшчы; пры чым да апошняй павінна быць далучана і заходная Беларусь.[1]

  1. Граніца, па якую павінна быць анэктавана Беларусь, праведзена Р. Дмоўскім і мае назову „лініі Дмоўскага". Згодна прэтэнсыям палякаў на Версальскіх перэгаворах, лінія гэта больш-менш ідзе праз Корсаўку, Себеж, захоплівае Полацак, Барысаў, Бярэзіну, пакідае на ўсходзе Бабруйск і на захадзе Слуцак і Лунінец. За апошні час лінія гэта многа раз менялася, адсоўваючыся то далей на захад, то далей на ўсход, ніколі ўсё-ж такі не сягагаючы граніцы 1772 году.