Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.1.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ніхто ня чакаў, каб беларускае пытаньне вырасло з рамак „заходна-расейскага пытаньня" у явішча эўропейскага значэньня і было выкінуто на торжышча міжнарадовай палітыкі. Гэта з аднаго боку.

3 другога боку, ў самай Польшчы ніхто сур'ёзна не рахаваў, каб іх напоўзадушаная бацькаўшчына вярнулася да жыцьця ў форме суверэннай дзяржавы і зрабілася адным з першых фактараў палітычнага жыцьця усходнае Эўропы.

У варунках старога парадку, калі гаварылі урады і маўчалі народы, пытаньне гэтае, здавалося простым; але пры першых спробах вырашаньня яго ў новых варунках, аказалося ня у меру трудным і складным.

Старая, дорэвалюцыйная Польшча магла мысьліць вырашаньне беларускае проблемы ці ў рамках расейска-польскіх адносін, калі яно скончылося бы угодай ураду Расеі з урадам Польшчы, ці ў рамках свайго дзяржаўнага самаазначэньня пасьля вайны, пры дапамозе дзяржаў - незалежна Антанты ці Цэнтральнага Саюзу. Спорные тэрыторыі і населяючые іх народы, як пры першым так і пры другім выпадку, засталіся-б ў старым сваім значэньню, г. зн. разглядаліся бы як об'екты дзяржаўных плянаваньняў.

Справа вымагала бы толькі патрэбнай дыплёматычнай зручнасьці, вядомай згаворчывасьці. Разам с тым, пытаньне засталося бы ясным, абмежаным строгімі варункамі фактычных магчымасьцяў, і, ў рэшці, павінно было-б вырашыцца згодна жаданьням высокага арэопагу дзяржаў-пераможцаў.