Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.1.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Спэцыальна падкрэсьляем — ня польскі народ, але польская дзяржава можэ аказацца для Беларусі варожай.

Усякая дзяржава, як ведама, пабудавана на прымусе, на панаваньні аднаго стану над другім. У залежнасьці ад таго, які стан польскага народу прыдзе да ўлады, Польшча займець тую, або іншую пазіцыю у стасунку да Беларусі. Калі на чале яе станець запраўдная дэмокрацыя, г. зн. працоўны стан, то Беларусь можа спакойна чакаць свайго супрацоўніцтва с Польшчай: апошняя зразумее заданьня беларускага адраджэньня і згодзіцца з імі. Калі-ж у Польшчы да улады прыдзе стан капіталістычны, стан эксплёататароў, то польская дзяржава займе безумоўна воражую пазіцыю.

Характэрная тэндэнцыя капіталу — кіраваньне-ся да росту дарогаю захватау ўсё новых і новых рынкаў. Беларусь з яе тэрыторыей, правышаючай тэрыторыю этнографічнай Польшчы, і пятнадцацімільённым жыхарствам самы блізкі, танны і выгодны рынак закупу для Польшчы сырья і збыту яе гатовых фабрыкатаў. Поўны захват Беларусі і паняволеньне ея утворыць для польскага капіталу панадную задачу.

Адраджэньне Беларусі, выяўляючаеся ў палітычным і соцыальным звальненьні працоўных мас народу, становіцца наўпоперак гэтай капіталістычнай эксплёатацыі. Ведама, што для гэткай Польшчы беларускае адраджэньне будзе косцью папярок горла, і яна усімі спосабамі патуровіцца яго задушыць.

З гэтым трэба змагацца. Але якім спосабам?