Старонка:Адвечным шляхам (1921).pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У гэтым — наша надзея, у гэтым нагад на прадсьвет, і запраўдны жыцьцёвы кірунак.

Не адразу ўсяго дасягнуць. Не адразу выхаваць творчую адзінку. Будучына належыць да творчай асобы, але яшчэ доўгія гады „мертвыя будуць хаваць сваіх мерцьвякоў“. І нечалавечы ўціск, і неміласэрныя рэвалюцыі, і паўстаньні павінна яшчэ перанесьці чалавецтва. Тое, што істнуе цяпер: прымусовае гаспадарства, урады, цьвёрды закон, турма, кара — ёсьць вынік чалавечай, грамадзянскай нятворчасьці. Гэта ўсё гіне не пад прымусам, ня будзе зруйнована сілай, а будзе зруйнована далейшай чалавечай творчасьцю. Бо калі сілай зьнішчыць істнуючы парадак, дык нятворчасьць сучаснай чалавечай масы створыць сабе назаўтра яшчэ горшыя кайданы, турмы і мукі. Такі досьлед усіх рэвалюцыяў старавечнасьці і сучаснасьці.

Тыя погляды, якія тут выяўлены, шмат каму здадуцца анархізмам. Ад гэтага шыльду, як ад кожнае іншае вызначаючае формы, трэба адмовіцца, бо ён мае ўжо свой перакручаны жыцьцёвы зьмест, і заместа развагі лепей прывесьці для зьясьненьня такую расейскую частушку.

„Анархистик утащил
„Полушубок тёткин,
„Ах, тому ль его учил
„Господин Крапоткин?“…