Старонка:Адвечным шляхам (1921).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хрысьціянствам і яго кірункамі, калі яно прыняло форму цэрквы. Дух яго зьнік, яго няма ў сучасных мураваных сьвятынях. Дух нацыянальны заўсёды мацнейшы і чысьцейшы ў народаў прыгнечаных. Разам з пачаткам рэалізацыі ўласнай гаспадарсьцвеннасьці, з яе ўціскам, нацыянальны дух прыніжаецца або і зусім гіне (прыклад Расеі, Польшчы).

Здавалася, што соцыялістычны, рэвалюцыйны рух вольны ад духовага мяшчанства. Жыцьцё даводзіць, што — не, што самая рэвалюцыйная ідэя, зрэалізаваная формулай, памірае ў сваёй сутнасьці, траціць сваю жыцьцёвасьць. Прыхільнасьць да пісаных праграмаў, зацьверджаных доктрын і лёзунгаў так моцна навет у рэвалюцыянэраў, што яны зараз-жа накідаюць жыцьцю свае формулы і заместа таго, каб яго разьвіваць, мардуюць яго, зачараваныя гукам знаёмых лёзунгаў, ня бачачы, што ў труне формул калісь сьвятыя ідэі змарнелі, сплясьнелі, што час прайшоў і вымагае новай творчасьці.

Духовае мяшчанства было заўсёды, дзе заховаваліся сьвятыя традыцыі, сьвятыя асобы, рэчы і ідэі, прымусовае здаваленьне істнуючым, быццам „ўсе добра, лепей ня трэба“, — а ўсе гэта было адвеку. У нашы часы такі духовы сьвета-