Старонка:Адвечным шляхам (1921).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

замарожаным каталіком, або праваслаўным, выгаленым на адзін капыл расейцам, ці паляком, прававерным буржуём, ці камуністым У гэтыя, цесныя мізэрныя рамкі не ўсадзіць вялікай душы чалавека. Векавое дасьвядчэньне кажа нам, што вольнага разьвіцьця нашага духу не запяўняе ні заходняя ні ўсходняя культура, бо яны абяртаюцца ў формах гвалтоўнага, людаежнага мэсыянізму і розьніца між імі толькі ў назовах, лёзунгах, а іх аціскаючыя ланцугі — аднолькавы для нашага духу.

Трэба шукаць на другіх шляхох…

Каб запеўніць нашаму народу вольную творчасьць ува ўсіх галінах жыцьця, трэба стварыць і адпаведныя, свае, беларускія, формы жыцьця. Гэта-ж зусім ясна, але ў сьветлым імкненьні духовага адраджэньня хаваецца і вялікая небясьпека: каб і як замест чужацкіх мэсыянізмаў не стварыць свайго, ўласнага, каб як, знойдзеныя формы новага беларускага жыцьця, не зрабіліся для нас саміх вялікай турмой і зьдзекам. Бо на прыкладзе чужацкіх мэсыянізмаў мы бачылі, як страшэнна сьціскае жыцьцё адтрымаўшая неакрэсьленую ўладу форма. З нашага высокага парыву індывідуальнага і народнага адраджэньня ня створым-жа гвалту і енку ні для іншых, ні для саміх сябе: не павінна быць белару-