Старонка:Адам Міцкевіч (1940).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

віч у смелых, некалькі ў стылі ўсходняй паэзіі вобразах малюе веліч крымскай прыроды і на яе фоне свае перажыванні, свой смутак па далёкай і любай радзіме. Але гэтыя перажыванні і смутак былі перажываннямі ўжо мужнай і моцнай духам асобы.

Санеты выклікалі ў Варшаве рэзкія нападкі з боку прадстаўнікоў класічнай паэзіі. Але ў Маскве яны выклікалі самае шчырае захапленне, і іх адразу-ж сталі перакладаць і прозай (паэт Вяземскі) і вершам (паэт Казлоў). У прадмове да празаічных перакладаў гэтых санетаў Вяземскі ў часопісу «Московский телеграф» за 1827 г. пісаў: «… крытыцы застаецца толькі пахваліць у польскім паэце багацце, раскошу выабражэння, моцнае і жывое пачуццё паэтычнае, якое ў яго усюды выдаецца, і ў верным свежым выражэнні пераліваецца ў душу чытача: майстэрства незвычайнае, з якім умеў ён уцясніць у старую раму санета карціны поўныя і часта іспалінскія».

Аднак ні шырокія і цікавыя сувязі з рускімі літаратарамі, ні цёплы іх прыём, ні слава не маглі заглушыць у Міцкевіча тугі па радзіме. Яе лёс, яе сучаснасць і будучыня неадступна хвалююць паэта. Але ва ўмовах чорнай рэакцыі царызма пісаць пра гэта адкрыта не было ніякай магчымасці. І Міцкевіч выбірае для сваёй новай паэмы «Конрад Валенрод» гістарычны сюжэт з жыцця Літвы, які як быццам-бы не мае ніякага дачынення да злобадзённых тагочасных польска-рускіх адносін. Да выдання гэтай паэмы, выпушчанай у Пецербургу ў лютым 1828 г., пасля пераезду туды з Масквы Міцкевіча, паэт піша спецыяльную прадмову, у якой ён называе цара клапатлівым бацькам усіх плямён яго дзяржавы. Зразумелая рэч, што гэта было сродкам толькі ашукаць недаверлівую царскую цэнзуру, аб чым ужо замежамі гаворыць сам Міцкевіч у пасланні «Рускім прыяцелям».

Такім чынам і далёкі гістарычны сюжэт і прадмова былі толькі вэлюмам, з-пад якога Міцкевіч адкрываў сваім землякам і сваім рускім сябрам праўду сваіх дум і намераў у паэме «Конрад Валенрод». Польская і еўрапейская крытыка прызнала гэту паэму адным з самых выдатных твораў сусветнай літаратуры. Ідэя паэмы выклікала гарачыя спрэчкі. У чым-жа сутнасць і ідэя гэтай паэмы?

Конрад Валенрод, галоўны герой паэмы, быў калісьці літвінам. У маленстве, у час нападу крыжакоў на Літву ён быў узяты ў палон. Там яго ахрысцілі і далі імя Вальтэр Альфа. У замку, у якім ён выхоўваўся, знаходзіўся стары літоўскі вайдэлот (народны песняр). Ён абудзіў у Вальтэра пачуццё любасці да прыгнечанай Літвы, і Альфа у час бойкі паміж крыжакамі і літоўцамі пераходзіць да літоўцаў. Ён пасяляецца ў літоўскага князя Кейстута і жэніцца з яго дачкой Альдонай. Тым часам напады крыжакоў на Літву не спыняюцца. Страціўшы усякую надзею адстаяць Літву сілаю зброі, Вальтэр Альфа пад імем Конрада Валенрода ўступае ў ордэн крыжакоў, дабіваецца там пасады магістра і сваёю здрадаю прыводзіць ордэн да пагібелі, а сам канчае жыццё самагубствам.