Старонка:Адам Міцкевіч (1940).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

іграць ціхую маркотную мелодыю на флейце і пачаў імправізіраваць баладу, у якой апісваў выезд у далёкую краіну, і закончыў яе нейкім дзіўным прарочым тонам, што да глыбіні душы ўразіў усіх слухачоў, якія яшчэ ніколі не бачылі паэта ў такім настроі. Магчыма, што тэмай гэтай імправізацыі была тэма, якая атрымала сваё выражэнне ў вершы «Марак». Прынамсі, настроі імправізацыі і гэтага верша былі, напэўна, вельмі блізкія. У гэтым вершы марака дакараюць, што ён спяшае выехаць з роднага краю і пакідае яго вясёлы, з усмешкаю. На гэта марак адказвае, што бачанае ім у родным краі не магло абуджаць у сэрцы пачуцця весялосці. Але цяпер ён пазнаў маці з сэрцам спартанкі і моцную духам яе дачку, і ўжо будучыня яго не палохае:

Зведаў! І будучнасць больш не пужае…
Ветразі ўгору, браток!
Едзьма! Не згіне айчына, што мае
Матак такіх і дачок.

З такою верай і надзеяй выехаўшы 24 кастрычніка 1824 г. з Вільні, Міцкевіч прыбыў у Пецербург 9 лістапада. У Пецербургу паэт пазнаёміўся з дзекабрыстамі Бестужавым і і Рылеевым. Знаёмства хутка перайшло ў самае цёплае сяброўства, сведчаннем чаго з’яўляюцца выдатныя радкі з верша Міцкевіча «Рускім прыяцелям», а таксама рэкамендацыйнае пісьмо Рылеева да Туманскага, у якім Рылееў пісаў: «Мілы Туманскі! Палюбі Міцкевіча і сяброў яго Малеўскага і Яжоўскага: добрыя і слаўныя хлопцы. Зрэшты і пісаць лішне: па пачуццях і думках яны ўжо сябры, а Міцкевіч да таго-ж і паэт-улюбёнец сваёй нацыі».

З гэтым рэкамендацыйным пісьмом, па загаду начальства Міцкевіч у лютым 1825 г. выязджае з Пецербурга ў Одэсу выкладчыкам у Рышэльеўскі ліцэй. У час прабывання на поўдні Міцкевіч зрабіў падарожжа па Крыме, вынікам чаго з’явіліся яго вядомыя «Крымскія санеты». Але начальства было занепакоена прабываннем Міцкевіча на поўдні, і цар патрабуе вярнуць паэта з паўднёвых губерняў і выслаць яго як мага далей ад Польшчы. У выніку гэтага загаду Міцкевіч у снежні 1825 г. прыехаў у Маскву і з 1 лютага быў залічаны ў штат канцылярыі Маскоўскага ваеннага генерал-губернатара. У Маскве Міцкевіч знаёміцца і блізка сходзіцца з маскоўскімі літаратарамі, а ў сярэдзіне кастрычніка знаёміцца і завязвае цесную дружбу з геніем рускай літаратуры А. С. Пушкіным. Міцкевіча прымаюць усюды радасна і цёпла, ён часта сустракаецца і гутарыць з Пушкіным, з вялікім поспехам выступае на літаратурных вечарах з сваімі імправізацыямі, да якіх у Міцкевіча быў незвычайна вялікі дар.

Знаёмствы з рускімі літаратарамі і з рускім перадавым грамадствам значна пашырылі жыццёвыя і літаратурныя гарызонты Міцкевіча.

Паэтычны талент паэта вырас і памужнеў. Вырасла і паэтычная слава Міцкевіча сярод рускіх, асабліва з выхадам у Маскве ў 1826 г. яго крымскіх санетаў. У гэтых санетах Міцке-