Старонка:Адам Міцкевіч (1940).pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Многія выразы з гэтай оды сталі прыказкамі, а сама ода поўная пачуцця энтузіязму, волі да барацьбы і веры ў лепшую будучыню, стала праграмай дзейнасці паэта на ўсё жыццё. Высока грамадскую ідэю служэння народу, выказаную ў гэтым вершы, паэт пранёс у благародным сэрцы аж да канца сваіх дзён, часамі збіваючыся з вернай дарогі, але ніколі, нават блукаючы ў цемры містыкі, не здрадзіўшы лозунгу свабоды, справядлівасці і гуманнасці.

Ужо ў сваёй першай кнізе паэзіі, у якой былі сабраны балады і рамансы, напісаныя пераважна паводле матываў беларускіх народных легенд і песень, гэта высокая грамадская ідэя, ідэя суровага і непазбежнага пакарання за прычыненыя народу крыўды, ідэя гуманнасці і справядлівасці гучыць досыць выразна. З яшчэ большай сілай яна выражана у другім томіку паэзіі Адама Міцкевіча, які выйшаў з друку у 1823 годзе, праз год пасля першага. У змешчанай тут другой частцы драматычнай паэмы «Дзяды» матывы соцыяльнай барацьбы, пратэст супроць прыгнечання і эксплаатацыі сялянства набываюць выразны рэволюцыйны пафас.

Першыя томікі паэзіі Міцкевіча стварылі ў польскай літаратуры цэлую эпоху. Слава паэта грыміць з нечуванай дагэтуль сілай. Але Міцкевічу не шэнціла пажаць плады гэтай славы. Царскі урад, устрывожаны папулярнасцю паэта і нарастаннем рэволюцыйнага руху, пачынае паход супроць усякіх праяў грамадскай дзейнасці, асабліва ў польскіх землях. У 1823 г. пачынаецца следства аб тайных таварыствах у Польшчы і Літве. 23 кастрычніка Міцкевіча, у ліку іншых 108 філарэтаў і філаматаў, арыштоўваюць і заключаюць у турму ў сценах старога базыльянскага манастыра ў Вільні.

Праз шэсць месяцаў турэмнага зняволення, 21 красавіка 1824 г. Міцкевіч быў выпушчаны з турмы на парукі прафесара іахіма Лелевеля.

Выйшаў Міцкевіч з турмы новым, перароджаным чалавекам. У душы яго адбыўся вялікі пералом. Ён канчаткова адрокся ад рамантычных пошукаў шчасця асобы дзеля змагання за шчасце сваёй пакутнай краіны і народа, прысвяціўшы ім усё сваё жыццё і здольнасці. З рамантычнага лятуценніка з з яго туманнымі ідэаламі дабра і красы ён стаў разважлівым і загартованым змагаром супроць царызма і дэспатыі. Пазней, у трэцяй частцы «Дзядоў», паэт так адлюстраваў гэты пералом праз свайго героя Густава, які напісаў на сценах турмы: «Густаў памёр лістападаўскай ноччу 1823 г., тут нарадзіўся Конрад лістападаўскай ноччу 1823 г.»

22 кастрычніка 1824 г. Міцкевіч атрымаў загад праз дзень выехаць пад канвоем жандармаў у Пецербург. Рускі даследчык і крытык Багдановіч на падставе пэўных дакументаў расказвае, што на адным са сходаў перад ад’ездам у Расію, калі Ян Чачот, які пісаў і па-беларуску, заспяваў сваю новую беларускую песню «Да лятуць, лятуць шэрыя гусі, да нас павязуць да далёкай Русі», Міцкевіч увесь пабялеў, папрасіў аднаго з прысутных