Старонка:Адам Міцкевіч (1940).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рамантычную паэзію, геніяльным прадстаўніком каторай з’явіўся Адам Міцкевіч.

Адам Міцкевіч нарадзіўся 24 снежня 1798 года у сям’і дробнага шляхціча, навагрудскага адваката Нікалая Міцкевіча. Дзіцячыя годы паэта прайшлі сярод велічнай і прыгожай прыроды Беларусі, сярод простых людзей, у асяроддзі абвеяным казкамі, легендамі і песнямі.

У 1806 годзе, бацькі аддаюць Адама ў дамініканскую школу ў Навагрудку.

Па сканчэнні гэтай школы Адам Міцкевіч быў у 1815 г. залічан студентам філалагічнага факультэта Віленскага універсітэта. Віленскі універсітэт у той час быў цэнтрам перадавой навукі ў тагочаснай так-званай Літве і адначасна быў асяроддзем перадавой патрыятычна-настроенай моладзі. У сценах універсітэта ствараюцца розныя таварыствы, якія ставяць сваёй мэтай змаганне за айчыну, удасканаленне ў навуках і маральнае ўзвышэнне сваіх членаў. 1-га кастрычніка 1817 года быў зацверджан статут такога легальнага таварыства пад назвай філаматаў. На чале яго стаяў Тамаш Зан. Адам Міцкевіч кіраваў секцыяй літаратуры і маральных навук гэтага таварыства. Члены таварыства чыталі рэфераты на сваіх паседжаннях, абмяркоўвалі творы, рабілі прагулкі за горад.

На гэты час прыпадаюць першыя вершаваныя спробы Адама Міцкевіча. Некаторыя з гэтых твораў, як напрыклад, «Гарадская зіма», былі ўжо у 1818 годзе надрукаваны ў «Тыгодніку Віленьскім».

У 1818 годзе Адам Міцкевіч скончыў Віленскі універсітэт і быў прызначаны ў Ковенскую гімназію выкладчыкам латыні. Аднак, сувязі з Віленскім універсітэтам паэт не парывае. Ён часта наведвае сваіх сяброў у Вільні, прысутнічае на паседжаннях новаарганізаванага таварыства «Філарэтаў», прымае актыўны ўдзел у спрэчках, чытае свае новыя творы.

Аднак, нягледзячы на частыя выезды ў Вільню, Міцкевіч адчувае ў Коўне вялікую адзіноту. Адзіным паратункам ад яе служыць работа. і паэт працуе многа і ўпарта. Як відаць з прадмовы да першага томіка паэзіі, Міцкевіч добра ужо ведае ў гэты час і старажытную грэчаскую і рымскую літаратуру, і літаратуру сярэдніх вякоў, і новую. Ён перакладае урыўкі з твораў Гарацыя і Авідыя. Ён многа піша і сам, піша ў новай рамантычнай манеры. Першым найбольш яркім творам гэтага кірунку была «Ода да маладосці», якая стала сцягам і лозунгам рэволюцыйна настроенай універсітэцкай моладзі. У гэтым вершы Міцкевіч няшчадна бічуе эгаізм і забабоннасць, услаўляе дружбу і заклікае моладзь да служэння бліжнім, апявае тых, хто лёг сваім целам за агульную справу і тым самым стаў для другіх прыступкаю ў сад славы. Канчаецца верш заклікам, поўным упэўненасці ў надыход лепшай будучыні:

Вітай-жа заранку свабоды,
За зоркаю сонца збавення!