Перайсці да зместу

Старонка:Аграрна-коопэратыўная палітыка будучыні (1936).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Было-б аднак вялікаю памылкаю з нашага боку, калі-б усе прычыны коопэратыўнага адставаньня беднаты мы зьвялі да прычынаў аб‘ектыўнага парадку, абыйшоўшы моўчкі прычыны суб‘ектыўныя, палягаючыя на пэўных свомасьцях людзкой натуры.

Калі мы возьмем, напрыклад, Саветы, то пабачым там, што да 1917 году беднаце было вельмі цяжка выбіцца із свайго безнадзейнага гаспадарчага палажэньня. Пасьля рэвалюцыі, бальшавікі, як ведама, апёрліся на сяле на ягоныя нізы і тым самым гаспадарчы стан гэтай часткі насельніцтва часова значна палепшыўся. Калі у многіх выпадках гэткае палепшаньне ня прыходзіла і бедната пастарому аставалася беднатою, то прычыну падобнага зьявішча трэба шукаць у ёй самой, з чым згаджаюцца і савецкія эканамісты.

Уважныя і бесстаронныя досьледы ў гэтай справе прыводзяць нас да вываду, што беднату трэба разьдзяліць на 2 часткі: — адна выяўляе тэндэнцыі (ня толькі ў Саветах, але і ўсюды) да палепшаньня свайго матарыяльнага становішча і адзіны выхад бачыць у ўпартай працы, а другая „апусьціла рукі“ і, як напрыклад у тых-жа Саветах, да сяньняшняга дня знаходзіцца пад уражаньнем камунізму падзелу: нічога не рабіла, а толькі падлічала і дзяліла чужое дабpo. Гэта апошняя група складаецца пераважна з людзей, каторых вельмі трафна называюць у Саветах „лодырамі“, і каторыя існуюць усюды і бязумоўна астануцца з намі і пасьля таго, як мы прыступім да радыкальнай перабудовы ўсяго аграрнага ладу.