Большасьць сучасных дзяржаў, ня маючы ніякіх рэканструкцыйных плянаў, пакінула коопэрацыю на волю лёсу. Іншыя ўзноў, ідучы на спатканьне прыватнаму капіталу, стараюцца ўстрымаць коопэратыўны рух шляхам законадаўчых мерапрыемстваў… А між тым, ініцыятыўная роль з боку дзяржавы ў хворме аграрна-коопэратыўнай палітыкі павінна мець рашучы ўплыў на гаспадарчы поступ.
Зразумела, што капіталістычныя дзяржавы, з іхнім бюракратычным апаратам, не надаюцца да падобнай арганізатарскай ролі, і з гэтай прычыны і ад сучаснай коопэрацыі мы не чакаем таго, што яна можа і павінна даць у „дзяржаве будучыні“, дзе творчая ініцыятыва пяройдзе ў рукі арганізаванага народу. Усякія-ж стараньні коопэратараў з соцыялістычным „нахілам“ вытварыць коопэратыўную рэспубліку пры капіталістычным ладзе — астануцца бясплоднымі, бо ўвесь буржуазны дзяржаўны мэханізм ня толькі ім ня прыяе, але ставіць розныя перашкоды.
Трэба памятаць, што йшчэ асновапаложнікі коопэратыўнага руху мелі на ўвазе ня толькі пазакладаць коопэратыўныя склады і крамкі, але імкнуліся да шырокай перабудовы ўсяго соцыяльна-эканамічнага ладу на коопэратыўна-соцыяльных падставах.
Аднак і першыя коопэратары-ўтапісты памыліліся думаючы, што ім удасца зьдзейсьніць свой ідэал у межах буржуазна-капіталістычнага ладу, бо яны не разумелі тады, што да гэтага патрэбны прыяючыя палітычныя і грамадзкія абставіны, якіх ня можа даць капіталістычны спосаб гаспадараваньня.