Перайсці да зместу

Старонка:Аграрна-коопэратыўная палітыка будучыні (1936).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Толькі пасьля ліквідацыі гэтага ладу будзе поўная магчымасьць разбудоўваць коопэрацыю паводле аднаго распрацаванага пляну і пазбыцца тых ад‘емных зьявішчаў, якія мы наглядаем у гэтай галіне, дзе, як кажа той-жа Туган-Бараноўскі „існуе, самы востры антаганізм паміж пролетарскаю коопэрацыяю і сялянскаю“ і дзе мы пастаянна спатыкаемся з тым зьявішчам, калі гарадзкія коопэратывы спажыўцоў бачаць у сельскіх коопэратывах сваіх небясьпечных ворагаў (Т.-Бараноўскі „Społeczne zasady kooperacji“ бач. 431).

Ініцыятыўная роль працоўнай дзяржавы ў коопэратыўным будаўніцтве азначаецца тымі рэканструкцыйнымі заданьнямі, каторыя яна ставіць сабе ў агульнай эканамічнай палітыцы. Тут дзяржава павінна быць ня толькі вярхоўным кантралёрам усей коопэратыўнай працы, але зьяўляцца і ініцыятарам у справе дасканаленьня коопэратыўных хвормаў.

Гэтакае будаўніцтва, злучанае з рэконструкцыяй сельскай гаспадаркі — вымагае ад грамадзянства матэрыяльных выдаткаў, галоўным чынам на розныя будоўлі і машыны, выдаткаў, каторыя не пад сілу сялянству. І таму матэрыяльныя патрэбы такой коопэрацыі мусілі-б быць пакрыты з агульна-дзяржаўнага бюджэту.

Зразумела, што дапамога з боку дзяржавы павінна стасавацца з такім абрахункам, каб па ўплыве пэўнага часу грамадзянства ў суцэльнасьці атрымала матэрыяльныя карысьці.