Перайсці да зместу

Старонка:Аб светапоглядзе Адама Гурыновіча (Лушчыцкі).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзівасць і аптымізм, за тое, што паэт «у сэрцы ўзбудзіў надзею». Ён глыбока ўдзячан Багушэвічу за хвалюючыя патрыятычныя творы, прасякнутыя павагай і любоўю да прыгнечаных мас, гневам і нянавісцю да прыгнятальнікаў.

Падкрэсліваючы неабходнасць развіваць далей традыцыі аўтара «Дудкі» і «Смыка», Гурыновіч у першую чаргу сам развіваў эстэтычныя прынцыпы Багушэвіча, ставячы сваю творчасць на службу народных мас Беларусі.

Лічачы, што справа служэння народу з'яўляецца самым высокім грамадскім абавязкам літаратуры, Гурыновіч хацеў, каб яна развівала класавую самасвядомасць працоўных, узнімала іх на барацьбу супроць соцыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, выхоўвала іх у духу упэўненасці ў свае ўласныя сілы, абуджала цвёрдую надзею на светлую і шчаслівую будучыню. Гурыновіч казаў, што літаратура павінна «будзіць у сэрцы мысль аб лепшай долі, якой мы не зналі дагэтуль ніколі».

Гурыновіч лічыў, што характар літаратуры залежыць ад умоў жыцця людзей. Эксплуататарскі лад, паднявольнае жыццё скоўваюць развіццё літаратуры, параджаюць у ёй журботныя матывы. У вершы «Зцямнела на двары і ціха кругом» паэт алегарычна паказвае самадзяржаўе, якое «цёмнай пасцілкай прыкрыла ўсіх», аблытала сваім павуціннем усё грамадства, скоўваючы на кожным кроку жыццё людзей. У гэтых умовах гвалту і прымусу з глыбіні сэрца вырываюцца жалобныя стогны, а ў галаве тысячы цяжкіх думак:

І тысячу думак адна за адной
Ляцяць, быццам птушкі; і ў сэрцы на дне
Становіцца цяжка. Цясней і гарчэй
Здаецца на свеце на гэтым жыццё.
Ох, думкі! Каханкі і каты мае![1]

У тым, што А. Гурыновіч глыбока разумеў ролю літаратуры як барацьбіта за шчасце народа аказаўся вялікі ўплыў на паэта рускай рэволюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі, якая грунтавалася на філасофскім матэрыялізме. Кіруючыся прынцыпамі гэтай эстэтыкі, Гурыновіч стварыў рад сапраўды рэалістычных высока ідэйных і глыбока народных твораў.

Моцным момантам у светапоглядзе Гурыновіча было тое, што ён бачыў у духавенстве і рэлігіі прыгнятальніка народных мас, паказваючы, як сумесна з памешчыкамі, капіталістамі, купцамі, кулакамі і чыноўцікамі дзейнічалі папы і ксяндзы, якія верай і праўдай дапамагалі цару прыгнятаць народныя масы. З грунтоўным веданнем нораваў і звычаяў царкоўнікаў Гурыновіч выкрывае класавую сутнасць іх пропаведзей. Паэт заклікае не верыць папам і ксяндзам, гэтым самым вялікім ашуканцам у свеце, якія прыкрываліся імем бога і рэлігіі.

Упершыню пытанне аб класавым характары рэлігіі ўскрылі К. Маркс і Ф. Энгельс у «Маніфесце Комуністычнай партыі». Вядома, аўтар «Дзядзькі Антона» не ўзняўся да марксісцкага разумення сутнасці рэлігіі. Аднак, рэалістычна адлюстроўваючы асобныя моманты грамадскага жыцця, пісьменнік выкрываў яе шкодную ролю для народных мас. Аўтар разумеў, што царкоўнікі пад шыльдай служэння богу аграблялі працоўных, вымагаючы ў іх апошнія капейкі. «Як шавец боты шые, гаворыцца ў гутарцы «Дзядзька Антон» пра ксяндза, так ён моліцца за грошы... Хто дужэйшы, хто багацейшы, ён з тым і прыстаець, таго і дзержыцца. Колькі разоў ксёндз з амбоны правіць, што паны то нашы дабрадзеі, што трэба слухаць цара, яго чыноўнікаў. А чаму яны так гавораць? Таму, братцы, што яны самі паном цару служаць, бо пан і цар прыказваюць ксяндзам, каб нас у цемнаце і ў послуху дзяржалі. Ксёндз сам вельмі баіцца, каб мужык не паразумнеў, бо тады мужык не даўся б абдзіраць ксяндзам»[2].

З такой-жа сілай знішчальнай крытыкі пісьменнік абрушваецца на служыцеляў праваслаўнай царквы. Ён з радасцю гаворыць аб узрастаючым атэізме сялян. Ён становіцца на абарону селяніна, які зразумеў, што поп — гэта першы царскі служка. Аўтар «Дзядзькі Антона» выкрывае негрунтоўнасць і недарэчнасць легенды духавенства аб тым, што цар - гэта зямны бог, які загадвае людзям ад імя нябеснага бога. Аўтары гэтай хлуслівай легенды ставілі мэтай умацаваць самадзяржаўную ўладу, уладу памешчыкаў і буржуазіі. Пісьменнік ухваляе атэістычныя дзеянні сялян, якія перасталі верыць хлуслівым пропаведзям папоў, бо сяляне «пераканаліся, што няма большых у свеце ашуканцаў, як яны (папы-І. Л.). Яны і Езуса і бога прадалі-б, каб толькі сваю кішэнь набіць, што-б яна заўсёды поўная была; каб дзяржаць мужыкоў у цямноце, ды ў послуху для цара, яго чыноўнікаў і паноў»[3].

Сказанае пісьменнікам аб рэлігіі і царкоўніках пацвярджае, што ён быў матэрыялістам і атэістам. На яго поглядах ляжыць глыбокі ідэйны ўплыў рускай матэрыялістычнай філасофіі. Вядома, што рускія рэволюцыянеры-дэмакраты былі ваяўнічымі матэрыялістамі, барацьбітамі супроць ідэалізма, містыкі і папоўшчыны, за навуку і асвету народа. Яны разумелі, што духавенства з'яўляецца састаўной часткай самадзяржаўнай улады, служачы справе духоўнага заняволення працоўных. Заклікі Гурыновіча не верыць царкоўнікам — гэтым лакеям цара — супадаюць з выказваннямі А. Герцэна, які заклікаў сялянскія масы не верыць цару і архіерэю, бо яны дзейнічаюць сумесна з усімі кровапіўцамі і прыгнятальнікамі.

  1. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя.
    Мінск, 1950 г., стар. 324.
  2. Дзядзька Антон. Вільня, 1892
  3. Там-жа.