Перайсці да зместу

Старонка:Аб светапоглядзе Адама Гурыновіча (Лушчыцкі).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ісці у батракі да ўчарашніх сваіх прыгнятальнікаў. Да ўсяго гэтага «цар, даўшы вольнасць, надбавіў падаткаў усялякіх, панасаджаў розных чыноўнікаў, пісараў, ураднікаў, каб яны тут над намі надзор усялякі мелі і каб падаткі з нас здзіралі»[1].

Новае ў Гурыновіча ў параўнанні з яго папярэднікамі і сучаснікамі заключаецца ў тым, што ён падвергнуў больш поўнай і ўсебаковай крытыцы капіталізм і яго законы грамадска-эканамічнага развіцця. Пісьменнік паказаў, што пры капіталізме адбываецца далейшае класавае расслаенне грамадства. Дробнатаварная сялянская гаспадарка паступова разбураецца, параджаючы, з аднаго боку, наёмных рабочых і беднату, а з другога — кулака. Для характарыстыкі класаў пісьменнік не ўжывае палітыка-эканамічнай тэрміналогіі, але ясна, што, гаворачы аб гарадскіх і сельскіх панах, купцах, вясковых багацеях, ён разумее пад гэтымі словамі эксплуататараў.

Гурыновіч бачыў, што збядненне і разарэнне працоўнага сялянства гэта неадменны закон развіцця капіталізма. «Купцы, мяшчане, - піша аўтар «Дзядзькі Антона», — а нават і не адзін мужык, збагацеўшы чужой крыўдай, задарма будуць купляць нашы надзелы; што раз болей зямлі будуць мець, а нас што раз болей пойдзець у свет шукаць хлеба, шукаць заработку; пойдзем летам на панавы землі, а зімой на... фабрыкі»[2].

У адрозненне ад свайго сучасніка Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіч бачыў класавае расслаенне сялянства. Ён усёй душой ненавідзеў кулака. Ён з усёй сілай абрушваецца на гэтага крывасмока, які прыкідваўся добразычліўцам сялян. На справе, сцвярджае паэт, ён - паразіт, пасобнік памешчыка і цара па аграбленню сялян.

Царскі ўрад прымусам спаганяе з сялян непасільныя падаткі. «А не аддасі астатняга гроша, — чытаем мы ў творы «Дзядзька Антон», — прададуць усю тваю худобу, а багачы толькі і чакаюць з боку, каб з бяды нашай скарыставаць, каб пажывіцца, і купляюць за нішто наш дабытак, за каторы чалавек часамі колькі гадоў працаваць мусеў. Вот як дзеіцца: прададуць худобу, а прыдзець вясна, няма чым зямлі араць, трэба лезці да багатага, пасля яму цяжка адрабіць за тое, за паўдарма, а іначай рады ніякай няма»[3].

У 90-х гадах ХІХ стагоддзя капіталізм у Беларусі прадаўжаў развівацца вельмі інтэнсіўна, усё глыбей пранікаючы і ў вёску. У гэтых умовах ліхвярства разбурала сялянскую гаспадарку, кулак-ліхвяр быў самым бязлітасным эксплуататарам, які абпытваў сваім павуціннем ахвяру, высмоктваючы з яе кроў і сокі. Аўтар адлюстроўвае настроі сялян, іх трывожныя думкі, іх гнеўную нянавісць да ліхвяроў-крывасмокаў. Прывядзем наступную вытрымку з «Дзядзькі Антона», у якой акрэслена перадаюцца думкі працоўнага сялянства: «А ўсе, хто толькі грошы на процант пазычаіць, толькі глядзяць, як тыя крукі, каб скарэй з жывога яшчэ кроў выссаць. Прадасі худобу восень за капейку, а на вясну ў гэтага самага не купіш і за рубель... і не дай божа пазычыць у каго грошы! За ўсё жыццё не выплаціш: тры аўчынкі з цябе здойміць!»[4]

На факты бязлітаснага аграблення працоўных сялян у Расіі ліхвярамі-крывасмокамі ўказваў Ф. Энгельс у сваёй працы «Аб грамадскіх адносінах у Расіі»: «Як толькі набліжаецца час спагнання падаткаў, з'яўляецца ліхвяр, кулак-часта багаты селянін той-жа абшчыны і прапануе свае наяўныя грошы. Селяніну грошы патрэбны ў чым-бы там ні было, і ён вымушаны прымаць умовы ліхвяра бясспрэчна. Тым самым ён толькі яшчэ глыбей трапляе ў ціскі, адчувае патрэбу ў наяўных грошах ycë больш больш»[5].

* * *

Разгледзім коратка філасофска-эстэтычныя погляды Адама Гурыновіча. Па сваіх эстэтычных поглядах ён быў аднамыснікам Ф. Багушэвіча. З пачуццём глыбокай удзячнасці піша ў сваім вершы «Да Мацея Бурачка» (адзін з псеўданімаў Ф. Багушэвіча) А. Гурыновіч:

Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы абудзіў ты надзею.
Што між братоў нашых знаходзяцца людзі
З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы.
Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку,
Няхай песнь смутная ідзець у калейку
І будзіць у сэрцы мысль аб лепшай долі.
Якой мы не зналі дагэтуль ніколі[6].

У гэтым вершы Гурыновіч салідарызуецца з поглядам Багушэвіча на ролю паэта і на грамадскае значэнне паэзіі. Гурыновіч лічыў, што паэзія не толькі павінна правільна адлюстроўваць жыццё, рэчаіснасць, але і служыць справе яе пераўтварэння, інтарэсам прагрэсіўных сіл грамадства.

Гурыновіч упершыню ў нашай літаратуры па заслугах ацаніў творчасць Ф. Багушэвіча, лічачы яго першым нацыянальным паэтам, выразнікам перадавых ідэй і дум працоўных мас Беларусі. Гурыновіч выказаў асабістую шчырую павагу да Багушэвіча за тое, што ён абудзіў у яго жаданне ўзяцца за пяро, адкрыў прыгажосць i хараство роднага слова. Гурыновіч высока цаніў паэзію Багушэвіча перш за ўсё за яе праў-

  1. Дзядзька Антон. Вільня, 1892 г.
  2. Там-жа.
  3. Там-жа.
  4. Дзядзька Антон. Вільня, 1892 г.
  5. К. Маркс і Ф. Энгельс. Выбраныя творы ў двух тамах, т. 11, Масква, 1948 г., стар. 41--42.
  6. Беларуская літаратура XIX стагоддзя.
    Мінск, 1950 г., стар. 324.