Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і напіцца. А потым яны скажуць, што вам трэба разьдзяліцца і ехаць кожнаму сваёй дарогаю да Калодзежа на Канцы Сьвету, а хто першы вернецца на гэтае мейсца і прывязе пляшачку з жывою вадою, той і будзе героем.

Ты згаджайся з імі. Яны паедуць сваею дарогаю і, трошкі ад’ехаўшыся, нальюць у свае бутэлечкі вады з прыдарожнай крыніцы і вернуцца да паказанага мейсца. Потым яны завязуць сваю воду да Караля і скажуць яму, што гэта жывая вада. Але-ж ты прыедзеш першым.

Як толькі ты выедзеш на дарогу і абмінеш першы паварот, надзень свой Чарадзейны Капялюшык і пажадай, каб зьявіліся дзьве бутэлечкі жывое вады з Калодзежу, які на Канцы Сьвету. І яны зьявяцца.

Пасьля яна яму яшчэ шмат аб чым парадзіла, і Джэк, падзякаваўшы Кабыле, адыйшоўся.

На другі дзень абодвы зяці Караля на самых лепшых конях пусьціліся ў дарогу. Ад’ехаўшыся недалёк, яны спаткалі Джэка, у лахманох, на старой белай клячы з саламяным сядлом. Ён пад’ехаў да іх і папрасіў дазваленьня ехаць разам з імі за жывою вадою. Прынцы вельмі сароміліся ехаць з такім таварышам і ўсялякімі спосабамі стараліся адчапіцца ад яго.

Тым часам, прыехалі яны да таго мейсца, дзе разыходзіліся тры дарогі. Прынцы прапанавалі тут напіцца, а напіўшыся, разьдзяліцца і ехаць кожнаму асобна. І хто раней вернецца з жывою вадою, таму будзе слава. Пастанавіўшы гэтак, яны паехалі кожны ў свой бок.

Як толькі Джэк праехаў першы заварот — зараз-жа адзеў свой Чарадзейны Капялюшык і зажадаў, каб зьявіліся дзьве бутэлечкі жывое вады з Калодзежа, што на Канцы Сьвету. У тую-ж хвілю пажаданьне яго споўнілася, і ён вярнуўся з вадой.

Прынцы ня верылі сваім вочам, калі, вярнуўшыся, засталі Джэка ўжо на мейсцы. Тут яны пераканаліся, што Джэк іх папярэдзіў. Яны сказалі, што ён ня быў на Канцы Сьвету, а заместа жывой, набраў у пляшачку простай вады.