Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праз кароткі час прыехаў сын Гішпанскага Караля і ажаніўся з старэйшай дачкой. Сьледам за ім зьявіўся сын Францускага Караля і ажаніўся з сярэдняй дачкой. Многа прыяжджала розных прынцаў у сваты да малодшае, самае прыгажэйшае дачкі караля, якую звалі Жоўтая Рожа, але ніводзін ёй не падабаўся і ўсім яна адмаўляла.

Кароль моцна засердаваў на каралеўну за непаслухмянства і прагнаў яе з сваіх вачэй. Жоўтая Рожа, каб не пападацца бацьку на вочы, цэлыя дні праводзіла ў садзе, дзе працаваў Гарбун-Крывулька. Яна часта прыходзіла да яго і доўга гутарыла з ім. Гарбун-Крывулька прымеціў, што каралеўна любіць яго. Дый сам горача закахаўся ў каралеўну, бо яна была самая прыгожая, самая мілая дзяўчына ў сьвеце.

Тым часам Вялікі Мудрэц параіў Каралю, каб ён паслаў абодвых сваіх зяцёў — Прынца Гішпанскага і Прынца Францускага — да Калодзежа на Канцы Сьвету за жывою вадою, каб на вайне лячыць ёю раненых і аджыўляць забітых. Кароль загадаў Прынцам ехаць к Калодзежу на Краю Сьвету за жывою вадою.

Жоўтая Рожа расказала аба ўсім гэтым Гарбуну-Крывульцы. Падумаўшы крыху, ён вырашыў наведаць Кабылу і Мядзьведзя і парадзіцца з імі, што яму рабіць.

Пайшоў ён у тую пушчу, дзе жылі Кабыла з Мядзьведзем. Яны вельмі былі рады госьцю і доўга распытвалі, як яму жывецца.

Джэк расказаў ім усё дачыста і аб тым, што заўтра каралеўскія зяці паедуць к Калодзежу, што на Канцы Сьвету, за жывой вадой і запытаўся, як яму быць.

— Ты, Джэк, паедзеш з імі, — сказала Кабыла. — Вазьмі ў каралеўскай стайні старога каня, самага худога і нягоднага да ніякае працы. Асядлай яго старым саламяным сядлом, а сам прыбярыся ў лахманы. Па дарозе далучыся да Прынцаў і скажы ім, што ты таксама паедзеш з імі. Яны будуць сароміцца цябе і твайго старога каня і паклапацяцца, каб пазбавіцца цябе. Вось-жа, калі вы прыедзеце да крыжовых дарогаў, дык адзін з іх папросіць вас зьлезьці з коней