Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Кінь яе праз левае плячо, Джэк, і пабачыш, што будзе, — сказала яна.

Джэк кінуў кроплю вады праз сваё левае плячо, і ў тую-ж хвілю паміж імі і Асілкам зьявілася возера на сто міляў удоўжкі і ўшыркі і на столькі-ж сама глыбокае.

— Цяпер, — сказала Кабыла, — ён ня зможа дагнаць нас, пакуль ня вып’ець усяе вады з возера. А як толькі вып’е, дык лопне, і мы назаўсёды пазбудземся яго.

Джэк падзякаваў лёс, і яны панясьліся далей. У хуткім часе прыехалі яны да граніцы Шатляндыі і ўбачылі густую пушчу.

— У гэтым лесе мы з Мядзьведзем застанемся жыць, — сказала Кабыла.

— А мне як-жа быць? — запытаўся Джэк.

— Ты, Джэк, мусіш яшчэ пахадзіць па сьвеце, пашукаць сабе працы. Непадалёку адгэтуль ёсьць замак Шатляндскага караля і мне здаецца, што ты зможаш дастаць у яго службу. Але-ж цябе трэба перавярнуць у Гарбуна-Крывульку дзеля таго, што у Караля тры надта прыгожыя дочкі, і ён ня возьме да сябе на службу такога прыгожага малайца, як ты, баючыся, каб дзяўчаты не закахаліся ў цябе.

Кабыла прысунулася ноздрамі да грудзей Джэка, дыхнула на яго, і ён у адзін момант перавярнуўся ў нязграбнага, маленькага Гарбуна-Крывульку.

— Далей, перш чым ты пойдзеш, Джэк, — казала далей Кабыла, — глянь у маё левае вуха і вазьмі тое, што ўбачыш там.

З левага вуха Кабылы Джэк выцягнуў капялюшык.

— Гэта чарадзейны капялюшык, Джэк. Кожны раз, калі ты чаго-небудзь пажадаеш, ты адзень яго на сябе, і жаданьне тваё споўніцца. Калі з табой здарыцца якая-небудзь бяда, дык прыходзь да мяне, я пастараюся, каб цябе выбавіць, а цяпер бывай здаровы.

Джэк разьвітаўся з Кабылай і Мядзьведзем і пайшоў. Ён выйшаў з лесу і прымеціў здалёк замак, ку-