Перайсці да зместу

Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ды і скіраваўся. Увайшоўшы ў кухню, ён убачыў дзяўчыну, якая чысьціла нажы. Джэк сказаў ёй, што хоча дастаць службу у караля.

Дзяўчына адказала, што Шатляндскі кароль ня прыймае на службу мужчынаў і што ён можа ісьці сабе вон.

Джэк завяраў, што яго прымуць, і, нарэшце, дзяўчына згадзілася сказаць аб ім каралю.

Як толькі выйшла яна з кухні, Джэку захацелася, каб усе нажы і відэльцы былі пачышчаны да яе павароту. Ён надзеў свой чарадзейны капялюшык і праз адну хвільку цэлая гара нажоў і відэльцаў, вышынёй у дзесяць аршынаў, была вычышчана і блішчэла, як новая пасудзіна. Спачатку кароль не хацеў прыняць Джэка на службу, але потым, як даведаўся, што ён так хутка пачысьціў цэлую гору нажоў і відэльцаў, згодзіўся ўзяць яго. Але перш, чым канчальна ўзяць яго да сабе, кароль паклікаў сваіх трох дачок і паказаў ім свайго новага слугу. Яму хацелася пабачыць, якое ён зробіць на іх уражаньне.

Калі каралеўны, прышоўшы на кухню, убачылі маленькага, страшнога гарбуна, дык яны абамлелі і пападалі, так што прыйшлося іх выносіць на рукох.

— Вось гэта добра, — сказаў кароль, — ты напэўна будзеш у нас доўга жыць, заставайся! — Кароль прыняў Джэка на службу і паслаў яго працаваць у садзе.

Скора пасьля таго Цар Усходу абвесьціў вайну каралю Шатляндыі. Цар Усходу меў вялікае і моцнае войска і прысягнуў зьніштожыць зусім караля Шатляндыі.

Кароль Шатляндыі вельмі спалохаўся і паклікаў на раду свайго Вялікага Мудраца. Вялікі Мудрэц параіў Каралю чым хутчэй павыдаваць замуж усіх сваіх дачок за каралеўскіх сыноў, каб тыя дапамаглі яму на вайне.

Каралю вельмі спадабалася такая думка, і ён ўжо на другі дзень разаслаў на ўсе бакі сваіх пасланцоў, каб яны абвесьцілі, што Кароль Шатляндыі выдае замуж трох сваіх найпрыгажэйшых дачок.