ца. — Джэк борзда накінуў на Кабылу сядло і ўздэчку і скакакнуў ёй на сьпіну, каб выехаць прэч.
— Ах, — раптоўна загаварыў Мядзьведзь, — як-жа вы так пойдзеце, пакінуўшы мяне ў бядзе?
— Не, — адказала Кабыла, — мы ня зробім гэтага. Джэк, — зьвярнулася яна да яго, — вазьмі гэны ланцуг і прывяжы мяне да Мядзьведзя. Джэк прывязаў Кабылу да Мядзьведзя ланцугом, які вісеў непадалёчку.
Усе трое — Мядзьведзь, Кабыла і Джэк — паскакалі і доўга імчаліся з усіх сілаў.
Праз нейкі час Кабыла сказала Дэжэку:
— Паглянь назад і скажы, што ты ўбачыш?
Джэк азірнуўся і сказаў:
— Ох, я бачу Асілка Сотні Узгоркаў. Ён нясецца, як сярдзітая бура, і скора дагоніць нас. Згінем мы ўсе!
— Не бядуй, яшчэ ня ўсё прапала, — сказала Кабыла. — Глянь у маё левае вуха і скажы, што ты там бачыш.
Джэк пазірнуў і ўбачыў маленькі каштан.
— Кінь яго праз левае плячо, — сказала Кабыла.
Джэк перакінуў каштан праз сваё левае плячо, і ў тую-ж хвілю ззаду іх вырас вялікі каштанавы лес на дзесяць міль навакола. Яны нясьліся ўперад увесь дзень і ўсю ноч. На другі дзень у поўдзень Кабыла зноў загадала Джэку адвярнуцца і паглядзець назад. Джэк азірнуўся і сказаў:
— Ой, бедачка нам! Асілак нясецца за намі, як асеньняя бура.
— Ты ня прымеціў на ім нічога асаблівага, Джэк? — запыталася Кабыла.
— Так, — адказаў Джэк, — на яго макаўцы столькі кустоў, а каля ног столькі дзічыны, што яму на доўгі час хопіць чым паліць і есьці. Цяпер мы загінем, — дадаў бедны Джэк.
— Ня сумуй, Джэк, яшчэ можна выратавацца, — усьцешыла яго Кабыла. — Глянь у маё правае вуха і скажы, што ты бачыш?
Джэк паглядзеў у правае вуха Кабылы і ўбачыў там кроплю вады.