— Буду памятаць, — абяцаў Джэк.
Гэтай раніцай Асілак ізноў заходзіў у стайню і зараз-жа выйшаў, а Джэк прыняўся за працу. Ён хадзіў па ўсяму замку, усюды чысьціў і прыбіраў, потым абыйшоў усе хлявы і падворкі, апрача стайні.
Ён доўга стаяў перад ёй, размаўляючы сам з сабою: — Што яны там робяць Кабыла з Мядзьведзем? І што рабіў Асілак, калі ўваходзіў сюды? Шмат я даў-бы, каб даведацца аб гэтым. Дай-жа я гляну адным вочкам.
Ён пакруціў кальцо, дзьверы расчыніліся, і ён убачыў, што Кабыла і Мядзьведзь, як і раней, стаяць і нічога не ядуць. Ён увайшоў у стайню.
— Бедныя стварэньні, — сказаў ён, — убачыўшы, што сена ляжыць перад Мядзьведзем, а мяса перад Кабылай. — Ня дзіва, што вы не ясьцё, ізноў дзякуючы Асілку.
Джэк замяніў яду, паклаўшы сена перад Кабылай, а мяса перад Мядзьведзем, як і трэба было. І Кабыла з Мядзьведзем прагавіта пачалі есьці. Джэк выйшаў і замкнуў за сабою дзьверы. Аднак-жа, як толькі ён павярнуў кальцо, палец яго застаўся ў ім, і Джэк дарэмна стараўся выцягнуць яго адтуль.
— Ох, — сказаў Джэк, — буду я сягоньня ўжо без галавы. Выхапіўшы нож, адрэзаў ён палец і пакінуў яго ў кальцы. Увечары Асілак вярнуўся да хаты.
— Ну, мой мілы хлопчык, як ты правёў сёньняшні дзень? — запытаўся ён у Джэка.
— Вельмі, вельмі добра, — адказаў Джэк, — трымаючы ўвесь час рукі ззаду.
— Пакажы мне свае рукі, Джэк, — казаў далей Асілак, — я пагледжу, ці чыстыя яны і ці часта ты іх мыеш.
Калі Джэк паказаў свае рукі, твар Асілка аж счарнеў ад гневу, і ён сказаў:
— Ці-ж я не папярэдзіў цябе, каб ты пад пагрозай сьмерці не хадзіў у стайню? І ты-ж прысягаў, што ня ўвойдзеш туды, а цяпер, я бачу, ты ізноў не датрымаў слова!
Асілак доўга крычаў і тупаў нагамі, нарэшце зьлітаваўся над Джэкам: