Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня дзіва, што вы не ясьцё, бедныя стварэньні. Гэта вінаваты Асілак. — І ён, увайшоўшы, перамясьціў яду: сена паклаў перад Кабылай, а мяса перад Мядзьведзем. Яны так і накінуліся на яду, а Джэк выйшаў і замкнуў дзьверы стайні. Калі ён пакручваў кальцо, адзін палец прырос да яго і, як ён не стараўся, ня мог яго вырваць. Джэк зразумеў, што сталася бяда.

— Як ня круці, — сказаў ён, а Асілак вернецца і застане мяне тутака. — Ён схапіў нож, адрэзаў палец і пакінуў яго ў замку.

Увечары, калі Асілак вярнуўся да хаты, ён запытаўся ў Джэка, як ён правёў дзень і што рабіў.

— Я добра правёў дзень і пасьпеў усенька зрабіць.

— Джэк, — сказаў Асілак, — пакажы мне свае рукі.

Джэк паказаў рукі і Асілак убачыў, што на аднэй руцэ не хапае пальца. Ён аж пачарнеў ад злосьці і сказаў:

— Джэк, ці-ж я табе не забараняў пад пагрозай сьмерці ўваходзіць у стайню?

Канешна бедны Джэк складаў з сябе віну, як толькі мог і тлумачыў, што не хацеў непаслухацца, але цікавасьць яго перамагла і ён адчыніў дзьверы.

Асілак, выслухаўшы яго, адказаў:

— Яшчэ ні адзін чалавек ня выходзіў жывы з гэтае стайні, і ты ацалеў толькі па асаблівай прычыне. Твой дзед зрабіў майму бацьку аднаго разу вялікую паслугу. Я памятаю дабро і за гэту паслугу выбачаю табе на першы раз і дарую табе жыцьцё. Ну, а калі ты не паслухаёшся ў другі раз, дык ужо ня быць табе жывым.

Джэк завяраў і прысягаў, што ўжо ніколі больш не загляне ў стайню. Павячэраўшы, ён лёг спаць. Раніцай Асілак разбудзіў яго і сказаў:

— Джэк, я мушу ізноў ісьці на другі канец сьвету змагацца з Асілкам Чатырох Вятроў. Ты ўжо ведаеш свае абавязкі — сьцерагчы двор і замак і ўсё ў парадку трымаць. Можаш хадзіць сабе ўсюды, дзе падабаецца, толькі не адчыняй дзьвярэй у стайню, а то загінеш.