Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на ўдарыў у плахту, што раскалоў камень папалову, а сам асьлепнуў на абодвы вокі.

Ня трацячы часу, Амадан ускочыў яму на сьпіну і стаў калоць і рубіць яго мячом. Але-ж з быком ня так лёгка было ўправіцца і Амадану доўга прышлося біцца. Зямля пад імі разьмякла, і забілі з яе крыніцы. Скалы пабіліся ў каменьчыкі ў пясок, які хмарай насіўся па ваколіцам. Птушкі і зьвяры з усіх канцоў зямлі зьляталіся і зьбягаліся глядзець на гэту бойку.

Нарэшце, Амадану пашчасьціла праткнуць мячом сэрца быка, і бык упаў мертвы. Але перад смерцьцю ён наклаў на Амадана зарок адшукаць і забіць Белага Барана з Гары Вадаспадаў.

Амадан памазаў свае раны жывой вадой і зноў пачуў у сабе сілу і здароўе. А калі вярнуўся да старой кабеты ў хатку бяз даху, дык усё ёй расказаў як было і аб зароку, каторы наклаў на яго Чорны Бык.

— Шкода цябе, мой бедны Амадан, — сказала яна, — бо яшчэ ніхто не варочаўся ад Белага Барана жывым. Пакуль што ўвайдзі, падмацуйся і высьпісь, ты, мусіць, страшэнна змарыўся і згаладаў.

Амадан сытна павячэраў і выспаўся на мягкім ложку, а раніцай кабета расказала яму, як трэба знайсьці дарогу к Беламу Барану з Гары Вадаспадаў.

Яна сказала яму, што скура Белага Барана мацней ад сталі, што няма мяча, каторым можна-б было яе прабіць. Але ёсьць адно мейсца — белая плямачка пад самым сэрцам Барана, дзе і можа прайсьці аружжа. Адзін ратунак для Амадана — гэта папасьць у гэтую плямку.

Амадан падзякаваў і пусьціўся ў дарогу. Доўга ён йшоў, і як толькі паказалася Гара Вадаспадаў, угледзіў ён, што на яго з вялікай злосьцю нясецца Белы Баран. Зямля, якую, баран узрываў рагамі, далятала да самага сонейка і закрывала яго.

Падбліжыўшыся к Амадану, баран запытаўся, што ён зрабіў вялікага, што мае сьмеласьць з’явіцца сюды.

Амадан адказаў:

— Вось гэтым самым мячом я адняў жыцьцё