Як толькі ведзьма памерла, Амадан узяў яе пяро і памазаў свае раны жывой вадой. У тую-ж хвілю ён зрабіўся сьвежым і здаровым, як быццам з ім нічога і ня было. Захапіўшы з сабой пяро і жывую воду і прывязаўшы з боку меч, пусьціўся ён выпаўняць свой зарок.
Йшоў ён цалюсенькі дзень і, калі стаў змрок, прышоў к хатцы на канцы лесу. Заместа даху над хаткай боўталася адно адзінюсенькае пяро, а ў дзьвярох стаяла тоўстая рудая жанчына.
— Вітаю цябе, — сказала яна, — Амадан Цеставік, сын караля Ірляндыі. Што ты робіш і куды ідзеш?
— У гэту ноч, — адказаў Амадан — я біўся ў вялікім баю і забіў Слэт Мора, Слэт Мара, Слэт Біга, Ведзьму Скалы і чатырох ведзьмароў. Цяпер я даў зарок адшукаць і забіць Чорнага Быка з Рудога Лесу. Ці ня можаш ты сказаць мне, дзе яго адшукаць?
— Магу, — адказала яна. — Але-ж цяпер ужо позны час. Увайдзі, падмацуйся і высьпісь.
Яна паставіла перад Амаданам добрую вячэру, паслала яму мягкую пасьцель. Ён добра паеў і крэпка заснуў у гэту ноч.
Раніцай кабета яго разбудзіла і паказала дарогу к Рудому Лесу, дзе жыў Чорны Бык.
— Я мушу табе сказаць, мой бедны Амадан, — сказала яна, — з гэтага лесу яшчэ ніхто не вярнуўся жывым.
Яна папярэдзіла яго, што калі ён падыйдзе к лесу, бык выскачыць і панясецца на яго, як віхар.
— Вос табе плахта, — сказала яна, — кінь яе на камень, каторы там ляжыць. Сам-жа схавайся за гэтым камянем. Бык, убачыўшы плахту, кінецца на яе і разаб’е сабе вочы аб камень. Ты-ж садзіся быку на сьпіну і біся з ім на жыцьцё і на сьмерць. Калі ты астанешся жывы, варочайся да мне, а калі згінеш, я прыду да цябе.
Амадан узяў накідку, падзякаваў кабету, пусьціўся ў дарогу і йшоў да таго часу, пакуль ня прыйшоў к Рудому лесу.
Чорны Бык кінуўся на яго, як віхар. Амадан кінуў плахту на камень і прылёг за ім. Бык гэтак моц-моц: