Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды ты ня плач, матулька.

І Джэк пачаставаў сваю маці заместа хлеба, — музыкай і скокамі ад свайго зьвярынца.

Апамятаўшыся старая накінулася на Джэка.

— Дурны ты, нягодны хлапец. У нас у хаце гроша няма, кавалачка хлеба няма, а ты дарма аддаў двух кароў. Цяпер у мяне засталася адна лысая. Завядзі яе заўтра на кірмаш і прадай. Парадуй мяне хоць разок.

Але на другі дзень Джэк прамяняў лысую на прусака і прынёс да хаты. Насьмяяўшыся і наскакаўшыся, старая доўга лаяла Джэка і скончыла тым, што пачала плакаць.

Тут ужо бедны Джэк зразумеў, што ён нарабіў глупстваў. І пайшоў ён, куды вочы глядзяць, і ўсё думаў, як-бы тут дапамагчы бядзе сваей беднае маткі.

Спаткала яго старая кабетка, якая спыталася:

— Што-ж ты, Джэк ня хочаш спрабаваць шчасьця ў дачкі Ірляндзкага караля.

— Як гэта? — запытаўся Джек.

— Дык ці-ж ты ня ведаеш, што дачка караля ўжо сем гадоў як ні разу не засьмяялася, і кароль абяцаў аддаць і каралеўну і ўсё каралеўства таму, хто зможа рассьмяшыць яе тры разы у рад.

— Калі гэта праўда, — сказаў Джэк. — Дык я выграю.

Ён пабег дамоў, забраў пчалу, гарфу, мыш і прусака ў кішэнь і разьвітаўся з маткай, абяцаючы даць ёй ў скорым часе аб сабе вестку. А сам пусьціўся ў дарогу.

Падыходзячы да каралеўскага замку, Джэк прымеціў, што ён абсаджаны каламі, на якіх тырчэлі чалавечыя галовы.

— Што гэта за штука? — запытаўся ён у каралеўскага стражніка.

— Кожнаму, хто адважыцца рассьмяшыць каралеўну тройчы падрад і ня зробіць гэтага, сьцінаюць галаву і саджаюць яе на кол. Гэта ўсё галовы такіх няздатных людзей, — адказаў стражнік.