— Кампанія досыць вялікая, — сказаў Джэк і папрасіў, каб аб ім паведамілі караля і каралеўну.
Скора выйшлі кароль, каралева, каралеўна і ўвесь двор і расселіся на залатых і срэбных крэслах. Потым загадалі прывясьці Джэка.
Гатуючыся стаць перад каралеўскімі вачыма, Джэк выцягнуў з кішэні пчалу з гарфай, мышку і прусака, прывязаў іх шнурком адзін да аднаго, а сам узяў канец шнурка ў рукі і так пайшоў да каралеўскага палацу.
Калі кароль, каралева і ўсе прыдворныя ўбачылі Джэка ў лахманах з мышкай, пчалой і прусаком, які поўз усьлед, дык усе ажно пакаціліся ад сьмеху. Каралеўна падняла галаву, каб паглядзець над чым гэта ўсе сьмяюцца, і ўбачыўшы Джэка з яго зьвярынцам, адчыніла рот і пачала так рагатаць, як ніколі за ўсё сваё жыцьцё не сьмяялася.
Джэк нізка пакланіўся каралеўне і сказаў:
— Дзякую каралеўне; на адну трэць ты ўжо мая.
Потым ён сабраў сваіх зьвяркоў у кружок і сьвіснуў. У тую-ж хвіліну пчала зайграла на гарфе, а мыш з прусаком сталі на заднія лапкі, абняліся перэднімі і і пачалі скакаць. Кароль, каралева, ўсе дваровыя, і чэлядзь, і замак, — ўсё чыста закруцілася ў скоках. Бачучы гэта, каралеўна ня вытрымала і засьмяялася яшчэ галасьней, чым у першы раз. Джэк зноў пакланіўся ёй і сказаў:
— Дзякую табе, пані, ты ўжо на дзьве-трэці мая.
Джэк і яго зьверы скакалі і круціліся, але каралеўна ўжо больш не сьмяялася. Беднаму Джэку ўжо здалося, што яго галава тырчыць на кале пасярод тых, якіх ён бачыў. Але лоўкая мышка дапамагла яму. Яна стала на пяткі і папала канцом хвосьціка ў нос прусаку, той пачаў чыхаць і доўга ня мог супакоіцца. Тут ужо каралеўна так засьмяялася, як яшчэ на сьвеце ня чулі.
— Вось дзякую табе, мілая каралеўна, — сказаў Джэк, — цяпер ты ўжо мая.