Перайсці да зместу

Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Зламай галінку з дуба, што расьце перад маім замкам, і яна дасьць табе сілу, — сказаў ён.

Сіад падыйшоў да дуба і зламаў галіну. Але ледзь яна дакранулася да зямлі, як стала вялікім дрэвам, і тое самае рабілася з усімі галінкамі, якія ён адламаваў. Стальное Сэрца пасьпяшыў да яго на падмогу. Ён даў Сіаду плашч і сказаў:

— Разгарні яго і пасьцялі пад дрэвам.

На гэты раз галінка, якую адламаў Сіад, упала на плашч. Ён падняў яе і пайшоў у сьвет шукаць Злога Узгорка. Доўга йшоў ён па лясох і па горах, па далінах і па зялёных сенажацях, пакуль не знайшоў нарэшце Злога Ўзгорка ў Афрыцы, дзе ўбачыў яго з усімі ягонымі блізкімі на макаўцы гары.

Тутака Сіад даведаўся, што Злы Ўзгорак бярэ шлюб з царыцай Індыі. Ён скіраваўся да таго мейсца, дзе жрацы благаслаўлялі маладых.

— Хто ты такі, чужаземец, і што табе трэба? — запытаўся Злы Ўзгорак.

— Мне трэба перамагчы цябе.

— Гэтага ня зможаш зрабіць. Лепш адыйдзі, адкуль прыйшоў; ці ты ня бачыш, што я бяру шлюб?

— Я не адыйду, пакуль ня зробіш таго, чаго я жадаю, або пазбаўлю цябе жыцьця.

— Я ня дам табе майго жыцьця і ня выпаўню тваіх пажаданьняў, — сказаў Злы Ўзгорак, — але праткну цябе кап’ём, калі ты ня пойдзеш адгэтуль.

Тады Сіад паклікаў яго на бой.

— Я не хачу ў дзень свайго вясельля праліваць крыві, — сказаў Злы Ўзгорак. — Ці ты ведаеш, што мяне можа перамагчы толькі той, хто мае сілу Стальнога Сэрца, прынца Індыйскага.

— Вось яна, — сказаў Сіад, кідаючы дубовую галінку да яго ног.

Злы Ўзгорак глянуў на галінку, і сказаў:

— Мо’ ты зьлітуешся нада мною?

— Толькі ў тым выпадку, калі ты мне скажаш, дзе знаходзіцца прынц Афрыканскі Сіняе Золата, якога ты адабраў ад жонкі год назад і як яго адшукаць, — сказаў Сіад.