Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я табе раскажу, дзе ён, — сказаў Злы Ўзгорак. — Але ня маю надзеі на тое, што ты дабярэшся да яго. Ён лётае дзікім голубам ува ўсходніх небясох і нічым яго ня зловіш, апрача чарадзейнай сеткі Друіда Ірляндзкага Караля, а гэтую сетку можна купіць толькі за трэцюю часьць сусьветных скарбаў.

А той урок, які на яго накладзены, можна зьняць толькі з помачай дзевяцёх пшонных зернятак, якія ляжаць на дне калодзежа, што на канцы сьвету. А калодзеж гэты могуць вычэрпаць толькі тры тысячы чалавек у працягу трох тысячаў гадоў.

Пачуўшы гэта, Сіад разьвітаўся са Злым Узгоркам. Шпаркага Мяча ён паслаў у Ірляндыю, каб ён папрасіў там у каралеўскага друіда цудоўную сетку, з тою ўмоваю, што ён за яе заплаціць трэцюю частку сусьветных скарбаў. Сіад і Шпаркі Меч разыйшліся, умовіўшыся спаткацца каля калодзежа на канцы сьвету.

Доўга-доўга вандраваў Сіад. Йшоў ён праз горы, што мелі сто вёрст ў вышыню, праз даліны ў сто вёрст глыбіні, па раўнінам, дзе ніколі і людзі ня жылі, па лясох, куды ніколі не залятала птушка, — такія яны былі вялікія, і, урэшце, дайшоў да калодзежа на канцы сьвету, дзе застаў ужо Шпаркага Мяча з сеткай Друіда Ірляндзкага караля.

Трыма ўдарамі мяча Шпаркі Меч асушыў калодзеж, што на канцы сьвету. З дна яго яны дасталі дзевяць пшонных зернятак. На Ўсходзе яны раскінулі сетку і злавілі пры яе помачы сто тысячаў дзікіх галубоў, самы вялікшы з іх быў Сіняе Золата.

Яны далі яму зьесьць дзевяць зернятак і перад імі апынуўся прыгожы прынц.

Усе разам яны пусьціліся ў дарогу і прыехалі да возера Пявучага Берагу, да тае хаткі, дзе жыла Жомчужны Раток. Ня можна апісаць, як была радая каралеўна, убачыўшы свайго мужа — прынца Сіняе Золата.

Цяпер ужо ўсе чацьвёра яны паехалі ў далёкую дарогу і пасьля доўгай вандроўкі праз горы і долы, праз лясы і балоты зьявіліся яны да бацькі Жомчужнага Ратка, — Пэрсідзкага цара. Яна папрасіла ў яго