сяджу тутака ўжо цэлы год і пасылаю да яго гэтых пасланцоў. Але ніводзін не вярнуўся назад.
— Дужа мне шкода цябе, — сказаў Сіад.
— А мне шкода цябе, — адказала кабета.
— Чаму так?
— Бо майго бацьку, Пэрсідзкага цара, ня можа абдужаць чалавек, і ніколі ты не адбярэш ад яго бутэлечкі з жывой вадой і сусьветных скарбаў.
— Няхай я памру, але ўсёж-такі папрабую здабыць іх! — ажно крыкнуў Сіад.
— А ці ня лепш здабыць іх і быць жывым? — запыталася Жомчужны Раток.
— Дык гэта-ж немагчыма!
— Калі ты праўдзівы герой, дык у цябе яшчэ ёсьць надзея.
І Жомчужны Раток сказала Сіаду, што калі ён адшукае Злога Ўзгорка, сына Грэцкага караля, пераможа яго і зьвернець да яе Сіняе Золата, дык яна здабудзе ад свайго бацькі ўсё, што яму патрэбна.
— Што-ж, я згаджаюся, — сказаў Сіад.
— Гэта ня так-то лёгка зрабіць, — адказала Жомчужны Раток. — Ніхто ня зможа Злога Ўзгорка, калі ня мае сілы Стальнога Сэрца, прынца Індыйскага.
— Ну, дык тады я пайду шукаць гэтага прынца.
Сіад пусьціўся ў дарогу і бязупынна ішоў, пакуль не дайшоў да Індыі.
— Аддай мне сваю непераможную сілу, — сказаў ён Стальному Сэрцу.
— Гэтага ты не дастанеш, — адказаў Стальное Сэрца.
— Ну, дык я буду з табой біцца.
— Ты дарма загінеш, — сказаў Стальное Сэрца, — бо толькі адзін чалавек у сьвеце можа мяне абдолець.
— А хто-ж гэта такі?
— Той, хто можа забіць асілка Вялікіх Мароў.
— Я зрабіў ужо гэта. — І Сіад расказаў яму ўсе свае прыгоды.
Тады Стальное Сэрца прывітаў яго і выказаў поўную ахвоту падзяліцца з ім сваёй непераможнай сілай.