Перайсці да зместу

Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Калі твой такі закон, то мне цябе шкода, бо ты сягоньня яго нарушыш.

Асілак замахнуўся кап’ём, але Сіад, не трацячы часу, пераскочыў на асілкавы карабель са сваім кап’ём і шчытом.

Пачаўся страшны бой. Грукат быў такі вялікі, што з паўночных мароў прыплылі кіты, з морскай глыбіні павыплывалі рыбы, з падводных гаёў пазьбіраліся чырвоныя рыбкі: усе сьпяшаліся паглядзець на бой. Асілак быў адважны і спрактыкаваны ваяк, апрача таго быў нязвычайна дужы, але Сіад быў і дужэйшы і хітрэйшы ад яго. Яны пачалі бойку, як толькі ўзыйшло сонейка, а калі яно хавалася ў хвалях заходняга мора, бой яшчэ ня скончыўся. Але ён ужо мусіў скора скончыцца, бо асілак вельмі аслабеў. Пэўна-ж, што Сіад абдолеў-бы яго, каб ён ня крыкнуў тройчы, і з неба спусьціўся блакітны туман і схаваў яго карабель.

Калі туман разыйшоўся, асілак з караблём згінулі, а Сіад апынуўся ў вадзе. Браты ўзялі яго на карабель. Але-ж ён быў так моцна паранены і слабы, што браты парашылі вярнуцца дамоў.

Дома Сіад пралежаў у ложку тры дні, і ўвесь час дактары не адыходзілі ад яго. А як толькі аздаравеў, дык папрасіў бацьку, каб даў яму трыццаць чалавек і другі карабель, каб ізноў адправіцца ў дарогу. Дарма бацька прасіў яго пакінуць гэтыя думкі, — Сіад казаў, што калі ён ня выпаўніць свае абяцанкі, дык яму будзе сорамна глядзець людзям у вочы.

Ён адплыў на двух караблёх. Сам ён з братамі плыў на адным караблі, а трыццаць яго слугаў — на другім.

Плылі яны тры дні і тры ночы ў тым самым напрамку, як і раней. Раніцай на чацьверты дзень яны ўбачылі на краю мора дзьве плямкі, якія пасуваліся да іх. Гэта былі два караблі. На адным знаходзіўся асілак, а на другім натоўп людзей. Калі караблі зьехаліся, Сіад паклікаў Асілка Вялікіх Мароў і запытаўся, ці ён хоча біцца. Асілак адказаў:

— Калі ты ня хочаш, дык і я ня буду.

— Куды гэта ты едзеш? — запытаўся Сіад.