Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я еду шукаць сусьветныя скарбы, — адказаў Асілак.

— А дзе-ж яны знаходзяцца? — зноў запытаўся Сіад.

— На канцы сьвету, на востраве, — адказаў Асілак, — імі валадае царыца вострава Сусьветных Скарбаў.

— Ну, дык і я паеду разам з табою, — сказаў Сіад.

Так парашыўшы, яны разам пусьціліся ў дарогу. Плылі яны дужа доўга, пакуль не даплылі да таго вострава.

Асілак параіў Сіаду, каб ён раней паслаў за скарбамі сваіх слугаў.

Сіад згодзіўся і раніцай паслаў сваіх людзей на востраў. Прышла ўжо ноч, а слугі не варочаліся. На другі дзень Сіад сам паехаў на востраў і стаў шукаць сваіх людзей.

Прайшоў ён адну даліну, а ў другой на дне ўбачыў сваіх верных слугаў, якія плавалі ў крыві.

— Гэта асілкава работа, — сказаў ён сабе.

Вярнуўшыся на карабель, ён сказаў сваім братом:

— Вы прымайцеся за асілкавых людзей, а я вазьмуся за яго самога.

Яны так і парашылі і кінуліся на ворагаў.

Пачалася крывавая бойка, якой ня відала яшчэ ні мора, ні суша. Гук быў такі вялікі, што з усіх бакоў сьвету пазьбіраліся марскія зьверы і страшылы, каб паглядзець на бой. Яны біліся ўвесь дзень, а пад вечар Сэуд, Мітсэуд і асілкавы слугі былі ўжо трупамі, толькі Сіад усё яшчэ біўся з асілкам.

Толькі што сонейка пачало спускацца ў воду, асілак, пачуўшы, што слабее, тройчы крыкнуў. Сіад убачыў, што з неба спушчаецца блакітны туман. Ён падскочыў у паветра, праткнуў кап’ём асілку сэрца, і той паваліўся мёртвы.

Пасьля Сіад завёз сваіх братоў на востраў, прытуліў іх да скалы, што была зьвернена на ўсход і адзеў ім на галовы шлемы, а ў рукі ўсунуў па кап’ю. На другі дзень ён пайшоў вандраваць па востраву і ўвечары падыйшоў да маленькай хаткі, ў якой сядзела старая ведзьма.